На Брэстчыне вяскоўцы зладзілі стыхійны мітынг, заблакавалі аўто ДАІ (фота)

На Брэстчыне вяскоўцы зладзілі стыхійны мітынг, заблакавалі аўто ДАІ (фота)

Увечары 21 кастрычніка ў вёсцы Страдзеч Брэсцкага раёна выбухнуў канфлікт паміж мясцовымі жыхарамі і супрацоўнікамі ДАІ. Нагодай, стала спроба міліцыянтаў канфіскаваць аўто аднаго з вяскоўцаў. Па словах інспектараў, да прыватнага падворка яны нібыта пераследавалі аўтамабіль, за рулём якога знаходзіўся мясцовы жыхар, часова пазбаўлены права кіравання.

Як развіваліся падзеі, Еўрарадыё распавядае Аляксандр Бяльчук, гаспадар машыны і бацька Руслана, якога супрацоўнікі ДАІ падазраюць у кіраванні машыны.

Бяльчук: “Недзе ў 19.20 патэлефанаваў мне сын. Кажа, што так і так: прыехала на падворак машына ДАІ і хоча забраць нашу машыну. Прыехаў і бачу: стаіць на падворку “даішнік” і чапляе сына, чапляе нявестку. Кажуць, што хочуць забраць і машыну, і сына, каб скласці пратакол. Я і кажу, чаго парушаеце закон?! Адміністрацыйны пратакол складаецца на месцы правапарушэння, нават калі ён парушыў, то складайце пратакол тут і ўсё”.

Дзеянні праваахоўнікаў мясцовыя жыхары палічылі незаконнымі. Па іх словах, доказы віны Руслана Бельчука даішнікі адмовіліся прад’явіць. Абараняць маёмасць аднасяльчаніна выйшлі суседзі — сваімі аўтамабілямі яны заблакавалі выезд службовай машыны ДАІ. На месца здарэння вяскоўцы выклікалі Следчы камітэт і пракуратуру, каб тыя далі прававую ацэнку дзеянням міліцыянтаў.

Чакаць прадстаўнікоў гэтых органаў давялося да раніцы 22 кастрычніка. Усю ноч людзі трымалі варту і не давалі магчымасць машыне ДАІ выехаць з падворка.

У выніку ад ідэі канфіскаваць аўтамабіль Бельчука супрацоўнікі ДАІ адмовіліся. Прыкладна аб 11-й раніцы вяскоўцы ўсё ж такі вызвалілі службовы аўтамабіль.

На Руслана Бельчука склалі 2 пратаколы за непадпарадкаванне міліцыі і кіраванне транспартным сродкам пазбаўленым гэтага права. Малады чалавек ад тлумачэнняў адмовіўся і пратаколаў не падпісаў. Сваёй віны ён не прызнае.

Каментаваць канфліктную сітуацыю прадстаўнікі Следчага камітэта, раённай пракуратуры і ДАІ на месцы адмовіліся. Сведка падзеяў Віктар кажа, што людзі сталі на абарону суседа, бо не згодныя з прадузятым стаўленнем ДАІ да мясцовых жыхароў.

“Ноч ці дзень — усё роўна, з мігалкамі спыняюць кожны аўтамабіль, нібыта там паўсюль злачынцы сядзяць. Гэта няправільна! У нас ёсць праца — мы не злачынцы, мы працуем у вёсцы і ўсё! Аднак нам помсцяць усім… Мы лічым, што ўсё за тое, што ў Страдзечы трактар хацелі забраць… За гэта нас і прыцясняюць”, — распавядае мужчына.

Еўрарадыё згадвала пра так званы "трактарны канфлікт", які адбыўся 9 траўня 2014 года ў гэтай жа вёсцы. Дарэчы, яе галоўны фігурант — усё той жа Аляксандр Бяльчук. У мінулым годзе ДАІ хацела канфіскаваць у яго самаробны трактар. Паводле версіі інспектараў, мужчына ездзіў на ім без рэгістрацыйных нумароў па дарозе. Сам уладальнік, Аляксандр Бяльчук, кажа, што трактар выкарыстоўваў толькі на прыватным падворку.

Тады на абарону вяскоўца таксама з'явіліся сваякі і знаёмыя. Падчас спробы канфіскаваць трактар паміж вяскоўцамі і праваахоўнікамі адбылася сутычка. Міліцыянты з'ехалі без трактара, а на Бельчука завялі крымінальную справу за збіццё супрацоўніка ДАІ. Суд прызнаў Аляксандра вінаватым і асудзіў на тры месяцы арышту. Вясковец ужо адсядзеў гэты тэрмін і да сённяшняга дня абскарджвае рашэнне суда, з якім не згодны.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі