На Брагіншчыне рыбакі праваліліся пад лёд
З вады яны змаглі выбрацца самастойна, а на бераг іх даставілі ратавальнікі.
Надзвычайнае здарэнне адбылося 28 лютага ў Брагінскім раёне. Зранку мясцовыя ратавальнікі атрымалі паведамленне, што ў вёсцы Бярозкі на возеры Берашчанскае праваліліся пад лёд два чалавекі.
Ратавальнікі прыбылі на месца здарэння праз 10 хвілін. Яны пабачылі, што на лёдзе пасярод возера стаяць муж і жонка. Адлегласць ад іх да берага складала 300 метраў.
Высветлілася, што сямейная пара прыехала з Гомеля на рыбалку. Яны зайшлі на сярэдзіну возера і ў нейкі момант праваліліся пад лёд. Муж з жонкай змаглі самастойна выбрацца з вады і засталіся на лёдзе. Але дабрацца да берага самастойна яны ўжо не маглі.
Ратавальнікі даставілі рыбакоў на бераг з дапамогай ратавальнай дошкі. Лекары паставілі ім дыягназ "агульнае пераахаладжэнне арганізма".
Фота — mchs.gov.by