МЗС Польшчы скасаваў дамову з "Белсатам". Сітуацыю каментуе дырэктар тэлеканала

МЗС Польшчы скасаваў дамову з "Белсатам". Сітуацыю каментуе дырэктар тэлеканала

"Мы гатовыя абмеркаваць з дасведчанай камандай Белсата, як змяніць гэтае медыя, каб знайсці належнага донара… Існуючая дамова МЗС Польшчы і Польскага тэлебачання аб стварэнні Белсата ўжо спынена", — пра гэта паведаміў дзяржсакратар МЗС Польшчы Марэк Зюлкоўскі ў артыкуле на сайце газеты Rzeczpospolita.

Ён піша, што з 2007 па 2015 год дапамога "Белсату" ад МЗС Польшчы склала 157 мільёнаў злотых. Гэта амаль траціна ад агульнага аб’ёму дапамогі ўсім беларускім праектам (больш за 500 мільёнаў злотых).

"Гэтую інфармацыю я ведаю 2 тыдня. Белсат дзейнічае на падставе дамовы ад 23 красавіка 2003 года паміж Міністэрствам замежных спраў Польшчы і Польскім тэлебачаннем, якая ўсталявала правілы гэтага функцыянавання", — кажа дырэктарка тэлеканала "Белсат" Агнешка Рамашэўская.

Па словах Рамашэўскай, дамову могуць спыніць, але да канца 2017-га ўсё павінна застацца, як раней. Гэта значыць, што МЗС хоча з 2018 года змяніць, ці скончыць фінансаванне тэлеканала. А сёлета МЗС павінен выканаць свае абавязкі фінансавання згодна з умовай.

Агнешка Рамашэўская: "Увесь час ідуць размовы, як будзе працаваць тэлеканал у 2018 годзе. Я ўпэўнена, што Белсат павінен застацца на спадарожніку і за гэта буду змагацца. На працягу 3-4 тыдняў будзе відаць, якая будзе сітуацыя".

У канцы мінулага года беларускі бок аб’явіў, што рыхтуе прапанову на рэтрансляцыю TVP Polonia у Беларусі. Марэк Зюлкоўскі кажа, што калі такая прапанова будзе, то ад яе нельга адмаўляцца.

Зюлкоўскі: "Хутка мы пабачым, наколькі гэта будзе рэальна для нашага тэлебачання… Мы не павінны турбавацца з нагоды абмежаванага эфекту такой рэтрансляцыі з-за польскай мовы вяшчання. Вядома, што галоўнымі мовамі камунікацыі ў Беларусі з’яўляюцца беларуская і руская, аднак веданне (прынамсі пасіўнае) польскай мовы даволі шырокае".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі