МЗС Польшчы абвяргае, што фінансаванне "Белсата" скарачаецца ў два разы

МЗС Польшчы, ілюстрацыйны здымак

МЗС Польшчы, ілюстрацыйны здымак / gov.pl

У МЗС Польшчы абвяргаюць заявы экс-дырэктаркі "Белсата" Агнешкі Рамашэўскай, што фінансаванне тэлеканала змяншаецца ўдвая. Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Павел Уроньскі.

Ён назваў паталагічнай сітуацыю, калі за мяжу вяшчалі чатыры тэлеканалы, якія не супрацоўнічалі паміж сабой. На гэта МЗС Польшчы выдаткоўваў больш за 200 мільёнаў злотых (каля 50 мільёнаў долараў). "Эфект ад гэтага быў дрэнным. TVP вырашыла змяніць гэта, зрабіўшы TVP World флагманскай станцыяй, якая вяшчае на англійскай, рускай і нямецкай мовах", — цытуе словы Уроньскага onet.pl.

Прадстаўнік МЗС паведаміў, што спярша "Белсат" атрымліваў 22 мільёны злотых на год. У 2022 годзе фінансаванне павялічылі да 63 мільёнаў, што тлумачылася аддзяленнем станцыі ад структур TVP. Такі ж аб'ём фінансавання захаваўся і ў 2023 годзе. А сёлета тэлеканал запрасіў 75 мільёнаў злотых.

"Гэтая сума ніколі не была і не знаходзіцца ў Міністэрстве замежных спраў. Пані Агнешка Рамашэўска кажа пра грошы, якіх ніколі не было", — канстатуе прэс-сакратар МЗС.

З яго словаў вынікае, што рускамоўныя праграмы "Белсата" пяройдуць на падрыхтаваны канал на TVP World. Рыхтаваць іх будуць у тым ліку і цяперашнія спецыялісты "Белсата".

"Гэта грошы польскіх падаткаплатнікаў, якімі мы стараемся распарадзіцца максімальна рупліва",перадае tvn24.pl словы Уроньскага.

Пры гэтым ён кажа, што на "Белсаце" плануецца працаўладкаваць 300 чалавек.

12 сакавіка на тэлеканале "Белсат" змянілася кіраўніцтва. Агнешка Рамашэўска-Гузы, якая кіравала каналам ад часу яго стварэння, была звольненая. Новым кіраўніком "Белсата" стаў яе намеснік Аляксей Дзікавіцкі.

Перад гэтым Рамашэўска заяўляла, што новыя ўлады Польшчы скарачаюць фінанасаванне канала на 46%. Паводле яе словаў, у 2023 годзе бюджэт складаў 74 мільёны злотых. 63 мільёны паступалі ад Міністэрства замежных спраў, а яшчэ 11 мільёнаў — ад Польскага тэлебачання (TVP), у структуру якога ўваходзіць "Белсат".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі