МЗС: Наконт інфармацыі пра затрыманне беларуса ў Адэсе мы звярнуліся ў СБУ

Але афіцыйнага паведамлення пра затрыманне беларуса Службай бяспекі Украіны да гэтага часу няма. Паводле ж інфармацыі беларускага МЗС грамадзяніна Беларусі затрымалі ў Адэсе 3 ліпеня. Калі сыходзіць з гэтай даты, то сёння апошні дзень, калі праваахоўныя органы Украіны мусяць паведаміць беларускаму боку пра затрыманне. Праўда, удакладняе кіраўнік прэс-службы беларускага знешнепалітычнага ведамства Дзмітрый Мірончык, не выключана, што затрымалі беларуса пазней.

Дзмітрый Мірончык: “З улікам таго, што мы не маем афіцыйных звестак – у які дзень ён быў затрыманы, я не магу казаць, выйшаў тэрмін ці не, але мы нагадваем нашым украінскім калегам, што “консульская канвенцыя” паміж нашымі двума краінамі прадугледжвае, што адпаведныя звесткі накіроўваюцца цягам 4 дзён”.

Сыходзячы з гэтага, кажа Мірончык, беларуская дыпмісія ва Украіне ўжо накіравала ў кампетэнтныя органы гэтай краіны (СБУ і МУС – Еўрарадыё) зварот з просьбай, як мага хутчэй накіраваць адпаведную інфармацыю аб затрыманні ў МЗС Беларусі.

Нагадаем, інфармацыя пра затрыманне двух расіян і аднаго беларуса з’явілася на сайце СБУ 5 ліпеня. Іх абвінавачваюць у “фінансаванні каардынатараў адэскага “Антымайдана” і ў падрыхтоўцы масавай акцыі супраць украінскай улады”.  

Атрымаць каментар у СБУ з нагоды імавернага затрымання беларуса ў Адэсе і прычын затрымкі накіравання адпаведнай інфармацыі ў беларускі МЗС пакуль не атрымалася.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі