МЗС Латвіі: Пакуль Статкевіч у турме, пазіцыя ЕС не зменіцца

Цалкам размову можна паслухаць:

Еўрарадыё: Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што наша краіна будзе настойваць, каб беларускую дэлегацыю на травеньскім саміце Усходняга партнёрства ў Рызе ўзначальваў Аляксандр Лукашэнка. Наколькі такое верагодна?

Юрыс Пойканс: Прэзідэнт Лукашэнка ніколі не браў удзелу ў самітах Усходняга партнёрства. Мы хочам развіваць адносіны з усімі краінамі Усходняга партнёрства, і вы ведаеце, што ў Латвіі з Беларуссю вельмі добрыя адносіны. У нас і гістарычныя сувязі, і вельмі шмат эканамічных кантактаў. Мы зацікаўленыя ва ўмацаванні адносінаў паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Але ў нас існуе рознае разуменне пытання правоў чалавека. І магчымае запрашэнне спадара прэзідэнта на саміт залежыць ад пытання правоў чалавека і найперш — палітзняволеных. Без вырашэння гэтага пытання складана будзе дасягнуць большага прагрэсу. Але мы будзем працаваць з беларускім бокам. Нашы службовыя асобы бываюць у Мінску дастаткова часта. Мы стараемся данесці да ведама беларускага ўраду, што гэта вельмі важанае пытанне для Еўрасаюза. Але сёння гадаць на конт магчымага запрашэння не хацелася б.

Еўрарадыё: Падчас размоў з рознымі еўрачыноўнікамі часта чуў фразу пра тое, што пасля перамоў у Мінску па Украіне на Лукашэнку ў Еўропе пачалі па-іншаму глядзець…

Юрыс Пойканс: Беларусь адыграла вельмі пазітыўную ролю адносна ўкраінскай праблематыкі. А на фоне перамоў кіраўнікоў краін у Мінску відавочна, што Беларусь становіцца важнай пляцоўкай. І гэта дасягненне, гэта сапраўды вельмі пазітыўна ацэньваецца. Тым не менш, усё, што тычыцца больш цеснага супрацоўніцтва, гэта залежыць не толькі ад канструктыўнага падыходу Беларусі па ўкраінскай праблематыцы, але і выкананне правоў чалавека. Гэта з’яўляецца вельмі важнай часткай дыялогу паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Ёсць пэўныя зрухі, але іх неабходна ўмацоўваць прагрэсам і ў іншых сферах.

Еўрарадыё: Сітуацыя: Макей настойвае на прысутнасці Лукашэнкі ў Рызе на саміце, але палітзняволеныя па-ранейшаму за кратамі — як быць?

Юрыс Пойканс: Да саміта два з паловай месяцы, і цяжка сказаць, дзе мы будзем 21 траўня. Але ў Еўрасаюза ёсць дакладнае разуменне статусу тых зняволеных. Асабліва спадара Статкевіча, было кандыдата ў прэзідэнты. У беларускага боку меркаванне, што гэта крымінальнікі, а ў еўрапейскага боку меркаванне на гэты конт іншае. Але калі ёсць два меркаванні, то неабходна прыходзіць да нейкага агульнага назоўніка. Я не думаю, што пазіцыя Еўрасаюза да таго часу, пакуль спадар Статкевіч у турме, асабліва зменіцца.

Еўрарадыё: Наколькі верагодна падпісанне падчас Рыжскага саміту дамовы паміж ЕС і Беларуссю аб змяншэнні кошту віз?

Юрыс Пойканс: Перамовы ідуць нядрэнна, але гэта вельмі тэхнічны і бюракратычны працэс. Гарантаваць, што на саміце мы падпішам гэта пагадненне, як мне падаецца, пакуль заўчасна. Але я думаю, што калі мы не падпішам яго на Рыжскім саміце, то зробім гэта ў другой палове 2015 года. Мы зацікаўленыя ў такім пагадненні з Беларуссю. Гэта і для грамадзян Беларусі добра: кошт візы падае з 60 да 35 еўра. Гэта павялічыць і колькасць жадаючых паехаць за мяжу. У нас, па шчырасці, выдача віз вельмі вялікая, але думаю, што гэта пагадненне адпавядае інтарэсам і нашым, і вашым.

Еўрарадыё: Якія перспектывы ва Усходняга партнёрства?

Юрыс Пойканс: Мы разумеем, што мы маем шэсць розных краін. Ва Украіны, Малдовы і Грузіі крыху іншы падыход да Еўрасаюза, але трэба знаходзіць кропкі сутыкнення з усімі шасцю краінамі. Пакідаючы існуючую адзіную платформу, мы павінны супрацоўнічаць з краінамі, сыходзячы з іх інтарэсаў і інтарэсаў Еўрасаюза. Мы гатовыя пайсці з той жа Беларуссю так далёка, як захоча беларускі ўрад і народ Беларусі. У самім ЕС розныя погляды на Усходняе партнёрства — гэта мы добра бачым на прыкладзе ўкраінскага крызісу. Мяркую, што перспектывы нядрэнныя, калі нам удасца знайсці кампраміс паміж інтарэсамі краін Усходняга партнёрства і Еўрапейскага саюза.

Еўрарадыё: Выглядае, што беларускі бок найперш цікавіць фінансавы аспект супрацоўніцтва…

Юрыс Пойканс: Не толькі. Мяркую, што беларускай эканоміцы патрэбная мадэрнізацыя. У Беларусі тры суседы — краіны Еўрапейскага саюза. У нас адносіны з Беларуссю вельмі добрыя, і я запэўніваю, што Еўрасаюз можа шмат чаго добра прапанаваць. Гэта не толькі грошы, але і мадэрнізацыя, і перадача досведу, транспамежнае супрацоўніцтва, навакольнае асяроддзе.

Еўрарадыё: Асабіста вы верыце ў шчырасць беларускага кіраўніцтва, калі яно кажа пра імкненне да паляпшэння стасункаў з Захадам?

Юрыс Пойканс: Еўрасаюз настроены на супрацоўніцтва з Беларуссю. І латвійскае старшынства прыкладае шмат намаганняў для таго, каб рассекчы вузел узаемнага непаразумення. А яно ёсць у пэўных момантах паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. З нашага боку праблем не будзе. А вось як спадар Лукашэнка будзе выбудоўваць адносіны з Еўрасаюзам, будзем глядзець. За 20 гадоў у нас былі і ўздымы, і падзенні, і мне хацелася б бачыць калі не вялікі, то хаця б маленькі ўздым нармалізацыі нашых узаемаадносінаў. Мы ў гэтым зацікаўленыя. 

Фота: Змітра Лукашука, http://failiem.lv/u/pcetucd

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі