МЗС Беларусі: Мы адсочваем сітуацыю пасля ўвядзення Расіяй памежнай зоны

МЗС Беларусі: Мы адсочваем сітуацыю пасля ўвядзення Расіяй памежнай зоны

Міністэрства замежных спраў Беларусі пастаянна трымае ў полі ўвагі сітуацыю з увядзеннем "памежнай зоны" на тэрыторыі Расіі, прылеглай да беларускай мяжы. Пра гэта прэс-сакратар беларускага ведамства Дзмітрый Мірончык заявіў на брыфінгу 9 лютага.

Дыпламат падкрэсліў, што з моманту дзеяння новых правілаў ніякіх сігналаў аб праблемах на мяжы ад беларускіх грамадзян не паступала.

Каментуючы храналогію падзеяў, Мірончык звярнуў увагу на недакладнасці, якія дапусціў расійскі бок. Расіяне звярталі ўвагу, што з 4 верасня 2014 года Беларусь замацавал прыгранічныя тэрыторыі. Гэтым тлумачыўся і крок СБ Расіі, якая ўвяла цяпер памежныя зоны.

Па словах беларускага дыпламата, прэзідэнт Расіі ўсталяваў прыгранічныя тэрыторыі ў Бранскай, Смаленскай і Пскоўскай абласцях яшчэ на пачатку 2011 года. Таму ўказ Аляксандра Лукашэнкі ад 2014 года проста "ўраўнаважыў" гэтае пытанне.

"Яшчэ раз падкрэслю, на сённяшні дзень у межах беларускіх памежных тэрыторый на мяжы з Расіяй у нас няма рэжымных зон, мы не ўкопвалі ніякіх знакаў, не ўсталёўвалі ніякіх пагранічных слупоў, як гэта прагучала ў асобных заявах", — падкрэсліў прэс-сакратар МЗС.

Рашэнне ФСБ Расіі аб памежнай зоне на мяжы з Беларуссю, прынятае ў снежні 2016 года, па яго словах, змяняе сітуацыю ў прынцыпе. Як заяўляе Мірончык, згодна з гэтым дакументам беларускія грамадзяне ў сваіх правах і абавязках прыроўненыя да іншаземцаў, грамадзян трэціх дзяржаваў.

Таксама дыпламат адзначыў, што лінія памежнай зоны ў глыбіню памежных з Беларуссю абласцей Расіі дакладна прывязаная да мясцовасці адпаведнымі каардынатамі. "Вельмі паказальна, што на ўчастках мяжы Расійскай Федэрацыі з іншымі краінамі такога няма, за выключэннем няпростага ўчастка расійскай мяжы ў раёне выспы Сахалін і Курылаў", — звярнуў увагу ён.

Па словах Мірончыка, беларускі бок працягвае адсочваць сітуацыю, не драматызуючы, але і не спрашчаючы яе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі