Мядзведзі з Расіі тэрарызуюць вёску на поўначы Беларусі

Мядзведзі з Расіі тэрарызуюць вёску на поўначы Беларусі

Гарадоцкі раён Віцебскай вобласці перажывае нашэсце мядзведзяў. Драпежнікі спакойна заходзяць у вёскі і разбураюць вуллі. Па падліках таварыства паляўнічых і рыбаловаў, у раёне гаспадарыць каля 60–80 мядзведзяў.

Адкуль узялася вялікая колькасць мядзведзяў на поўначы Беларусі? Чаму вяскоўцам не могуць дапамагчы паляўнічыя? Ці можна неяк адагнаць мядзведзя ад сваёй хаты ці агарода? Еўрарадыё разбіраецца ў сітуацыі.

“У панядзелак [27 траўня. — Еўрарадыё] ехаў я на рыбалку. Гляджу — мядзведзь на дарозе ў лесе. А ў яго такія лапы здаровыя. Я такіх у жыцці не бачыў, — распавядае Еўрарадыё жыхар Гарадоцкага раёна Пётр. — У вёску Евіна таксама прыходзіў. Домікі пчаліныя ў майго сябра папераварочваў. Мядзведзь — дужа непрадказальная жывёла. Нават і на паляўнічага можа кінуцца”.

Дырэктар Гарадоцкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Юрый Лявонаў распавёў Еўрарадыё, што жывёлы прыйшлі ў Беларусь з Расіі:

“Там палі не засеяны, а ў нас засеяны. Гэта кармавая база: мядзведзю трэба карміцца. Пшаніца, авёс, збожжа пойдзе — дык на палях будзе мядзведзь. Адзін раз паспрабаваў лёгкага кармлення — яму і хочацца сюды ісці зноў. Да таго ж там на іх дазволена паляваць. А тут яны робяць што хочуць”.

А вось беларускім паляўнічым мядзведзяў чапаць нельга

“Мядзведзь — гэта чырванакніжная жывёла. Гэта не паляўнічы від, таму ні пужаць, ні страляць паляўнічыя правоў не маюць. Інакш гэта крымінальная справа, — працягвае Юрый Лявонаў. —  На турму, можа, і не пацягне, але штраф атрымаць вялікі можна”.

Спецыяліст выступае за тое, каб выводзіць мядзведзяў з Чырвонай кнігі. Тады іх можна было б зрабіць “нармаваным відам” — накшталт ваўкоў, папуляцыя якіх рэгулюецца ў тым ліку і з дапамогай паляўнічых.

“Я не кажу, што трэба знішчаць, — гаворыць Юрый Лявонаў. — Але сёння колькасць жывёлы стала дастаткова высокай. Гэта асабліва датычыцца памежных раёнаў. Па ўсёй Беларусі шчыльнасць нізкая, таму яго і не хочуць выводзіць з Чырвонай кнігі. А ў раёнах, блізкіх да Расіі, мядзведзяў дастаткова”.

Калі мядзведзь прыйшоў на школьны ганак — пастукайце па дрэве

Кіраўніца спраў Пальмінскага сельсавета Алена Давыдава прыгадвае, як пару гадоў таму мядзведзь прыйшоў на ганак школы ў Пальмінцы:

“Але гэта медзведзяня невялікае было. Відаць, заблудзіла. А месяц таму вялікага мядзведзя бачылі ў суседніх вёсках. Чула, што прыходзяць яны па мёд. Пчальнікі за агародамі стаяць, бліжэй да лесу... Што мы можам зрабіць? Возьмем калатушкі і пойдзем адганяць? Гэта ўжо да паляўнічых пытанні”.

Намеснік кіраўніка Гарадоцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Раман Федарэнка пярэчыць: пытанне не да паляўнічых, ніякай шкоды мядзведзю рабіць нельга.

— Мядзведзі — чырванакніжныя жывёлы, іх трэба ахоўваць і бараніць. Паляванне на іх забароненае, — нагадвае спецыяліст. — Шкоды ніякай яны не робяць людзям, правільна?

— Але людзі асцерагаюцца. Кажуць, што страшна заходзіць у лес.

— Пакуль выпадкаў ніякіх не было. Насамрэч жывёлы баяцца людзей.

— Паляўнічыя прапаноўваюць выводзіць мядзведзяў з Чырвонай кнігі.

— Чырвоная кніга зацверджаная і павінна быць такая. Мы не займаемся ўводам ці вывадам жывёл.

— Як сябе паводзіць, калі сустрэнеш мядзведзя?

— Пакрычаць. Пастукаць па дрэве. Жывёлы баяцца чалавека.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі