Мядзведзеў: Беларусь і Расія прынялі рашэнні па нафце і газе

Мядзведзеў: Беларусь і Расія прынялі рашэнні па нафце і газе

Беларусь і Расія прынялі рашэнні па нафце і газе. Пра гэта заявіў расійскі прэм’ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў. У чацвер у Горках пад Масквой прайшлі беларуска-расійскія перамовы. Беларускую дэлегацыю ачольваў намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка. Расійскі ўрад ухваліў пакет дакументаў па ўрэгуляванні нафтагазавага пытання паміж Мінскам і Масквой. Гаворка ідзе пра тры дакументы: аб унясенні зменаў у пагадненне паміж урадамі краін аб парадку фармавання коштаў (тарыфаў) пры пастаўцы прыроднага газу ў Беларусь і яго транспарціроўцы; аб унясенні зменаў у пагадненне аб умовах куплі-продажу акцый і далейшай дзейнасці “Белтрансгазу”; пратакол да пагаднення аб мерах па рэгуляванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў.

“Сёння мы прыйшлі да рашэнняў, якія задавольваюць абодва бакі, і важна, што ў цэлым зразумелыя і празрыстыя, — цытуе словы Мядзведзева РІА “Новости”. — Першы пратакол вызначае аб’ёмы паставак расійскай сырой нафты ў перыяд з 2017 да 2024 год у памеры 24 мільёнаў тон на год трубаправодным транспартам. Другі пратакол ўстанаўлівае парадак вызначэння цаны на газ для Беларусі ў перыяд да 31 снежня 2019 года і прадугледжвае распрацоўку ў тэрмін да 1 студзеня 2018 года прапановаў па праграме фармавання агульнага рынку газу Еўразійскага эканамічнага саюзу да 2025 года”.

Прэм’ер-міністр Расіі заявіў, што беларускі бок даў дадатковыя гарантыі на выплаце запазычанасці за пастаўлены газ. “Чакаем вяртання доўга “Газпраму”, пасля гэтага пачнем рэалізацыю пагадненняў, якія сёння разглядаліся”, — сказаў Мядзведзеў. Ён таксама адзначыў, што Беларусь і Расія будуць паслядоўна рухацца да адзінага рынку газу.

Як вядома, пагадненні па нафце і газе сталі вынікам нядаўніх перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі