МВФ не задаволены, як Украіна “адпрацоўвае” 16-мільярдны крэдыт?

Беларусь просіць ад МВФ у 8 разоў менш! Нягледзячы на гэта, ўмовы, на якіх фонд гатовы даць нам грошы, амаль такія ж. На жаль, невыканальныя для беларусаў, лічаць эксперты. Між тым, МВФ ужо сёння не задаволены тым, як выконвае патрабаванні Украіна.
Нагадаем, нядаўна МВФ прыняў рашэнне аб прадстаўленні Ўкраіне крэдыту ў 16,4 мільярды долараў. Тым часам, з Мінску місія МВФ паехала, пакінуўшы нас ні з чым — гаворка ішла пра прадстаўленне 2 мільярдаў долараў. Наступныя перамовы чакаюцца ў снежні.

“Хутчэй за ўсё, крэдыту не будзе”, ― кажа Еўрарадыё эканаміст Леанід Злотнікаў:

“Сітуацыя для нас складаная... З аднаго боку, вельмі патрэбныя грошы, а з другога — гэта патрабаванні, якія прэзідэнту не хочацца выконваць. Тут, канечне, бабка на двае гадала, але мне падаецца, што, хутчэй за ўсё, крэдыту не будзе. Пакуль, наколькі я ведаю, Беларусь выконваць гэтыя патрабаванні не збіраецца”.

Асноўнымі патрабаваннямі Беларусі ад МВФ было дэвальвіраваць рубель на 20% і не падвышаць заробкі бюджэтнікам. Патрабаванні фонду да Ўкраіны былі падобнымі, расказаў у інтэрв’ю Еўрарадыё старэйшы карэспандэнт украінскага “Камерсанту” Юрый Панчанка:

“Ва Ўкраіне курс грыўны да долара быў заўжды прывязаны, фіксіраваны Нацбанкам. І асноўнай умовай МВФ было адпушчэнне гэтага курса”.

Паводле слоў эксперта, канкрэтна пра неабходнасць дэвальвацыі ўкраінскай грыўны гаворкі не было. Але натуральна, што дэвальвацыя адбудзецца аўтаматычна, калі адвязацца ад долару. Тым не менш, Нацбанк не зусім выконвае гэтую ўмову, — кажа Юрый Панчанка:

“Паводле некаторай неафіцыйнай інфармацыі, МВФ ужо выказаў незадавальненне па гэтым пытанні. Але, тым не менш, курс долара цяпер не мае такой жорсткай прывязкі, як гэта было ўсяго некалькі месяцаў таму”.

Акрамя гэтага, МВФ патрабаваў скараціць палітыку спажывання, а рост заробкаў павінен быць эканамічна абгрунтаваны, працягвае карэспандэнт “Камерсанту”:

“Ва Украіне апошнія некалькі год ішла вельмі жорсткая палітыка павелічэння спажывецкага попыту. Тэмпы росту мінімальных заробкаў, пенсій і іншых сацыяльных выплат значна перавышалі тэмпы росту эканомікі краіны.Такім чынам МВФ неаднаразова заяўляў пра тое, што Ўкраіна жыве не па сродках, таму рост спажывання трэба спыніць. Рост заробкаў павінен быць эканамічна абгрунтаваны, суадносна з эканамічным ростам”.

ЕРБ: Ці можна казаць пра тое, што вы выканалі гэтыя патрабаванні?

Юрый Панчанка: “Тут цяжка казаць дакладна. Бо, з аднаго боку, урад Украіны адазваў з Вярхоўнай Рады праект бюджэта. Праект быў вельмі аптымістычны і ва ўмовах эканамічнага крызісу проста нерэальны. Цяпер урад павінен прыняць нашмат больш песімістычныя паказчыкі на 2009 год. Урад будзе вымушаны спыніць рост заробкаў і пенсій. Пакуль пра гэта адкрыта не кажуць... Але іншая справа, што рост сацыяльных выплат павінен кампенсаваць тэмпы інфляцыі. А ўжо сёлета гаворка ідзе пра тое, што інфляцыя будзе вышэй за 20%”.

Павелічэнне інфляцыі і абясцэньванне доларавых укладаў – вось што чакае беларусаў, калі мы пагодзімся з умовамі МВФ. Пра негатыўныя наступствы кажа беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў:

“Мы бачым, што ва Ўкраіне, там у іх больш чым на 20% дэвальвацыя. Вядома, што будуць абясцэньвацца ўклады насельніцтва ў доларах. Імпарт падаражэе, а праз гэта павялічыцца інфляцыя”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі