Мужчыны, якія забілі з асаблівай жорсткасцю жанчыну, атрымалі па 23 гады калоніі

Мужчыны, якія забілі з асаблівай жорсткасцю жанчыну, атрымалі па 23 гады калоніі

Два жыхары Лунінца, якія забілі з асаблівай жорсткасцю 36-гадовую жанчыну, атрымалі па 23 гады калоніі. Прысуд на выязным пасяджэнні вынесла судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда, інфармуе БелаПАН.

Трагічнае здарэнне адбылося ў жніўні мінулага года. Чатыры мясцовыя жыхары распівалі спіртныя напоі ў падвале шматкватэрнага жылога дома. Падчас застолля жанчына дала аплявуху 25-гадоваму мужчыну. У адказ ён пачаў наносіць ёй удары кулакамі (у галаву, грудзі і жывот). Калі іншая дзяўчына з кампаніі паспрабавала спыніць мужчыну, той адштурхнуў яе, а да збіцця жанчыны далучыўся 33-гадовы ўдзельнік застолля. Пазней дзяўчына з 33-гадовым мужчынам сышлі дадому, а збітая жанчына засталася ў падвале. Праз некалькі гадзін 25-гадовы з іншым сваім знаёмым вынес пацярпелую з падвала, паклаў на тратуарную плітку каля суседняга будынка ды патэлефанаваў у хуткую дапамогу.

Экспертыза высветліла, што загінулай нанеслі не менш за 39 удараў, ёй было прычынена не менш за 123 цялесныя пашкоджанні. Прычынай смерці жанчыны стала спалучаная траўма галавы, грудной клеткі, жывата і канечнасцяў.

25-гадовы жыхар Лунінца будзе адбываць пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, 33-гадовы — спецыяльнага. З іх спагналі на карысць бацькоў забітай жанчыны і двух яе братоў 50 тысяч рублёў у якасці матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды. Прысуд яшчэ не набыў законную сілу. Адзначаецца, што раней мужчыны не мелі праблем з законам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі