Муж Вольгі, якую збіў кіраўнік ДАІ: Ад удару яе адкінула на 60 метраў

Муж Вольгі, якую збіў кіраўнік ДАІ: Ад удару яе адкінула на 60 метраў

Увечары 26 лістапада жыхар Слуцка Валерый Беразоўскі перажыў самы жахлівы момант у сваім жыцці. У яго на вачах загінула каханая, Вольга Стралкоўская. Без маці засталіся двое дзяцей.

У злачынстве падазраецца кіраўнік ДАІ Баранавічаў Андрэй Ваўкавыцкі. Паводле інфармацыі ад следства і відавочцаў, ён насмерць збіў Вольгу Стралкоўскую ў вёсцы Дарава. У крыві маёра выявілі ажно тры праміле алкаголю: дапушчальны паказчык быў перавышаны больш як у дзесяць разоў.

Валерыю Беразоўскаму сёння складана ўзгадваць пра тое, як усё адбылося. Але ён размаўляе, таму што прагне справядлівага суда і пакарання. Таксама муж Вольгі абвяргае інфармацыю пра тое, што яна пераходзіла дарогу не па пераходзе і без флікераў.

 

“Я сказаў супрацоўнікам ДАІ, што мы едзем на пахаванне. Нельга з такімі рэчамі жартаваць”

 

“Калі мяне спыніў інспектар ДАІ, то да іх машыны мы падышлі разам з Вольгай, — са скрухай у голасе распавядае Валерый. — У мяне не было правоў. Гатовыя былі аплаціць штраф, але прасілі, каб нам дазволілі даехаць да дому на сваёй машыне. Калі мяне пасадзілі ў аўтамабіль ДАІ, Вольга вырашыла вярнуцца ў наш “Форд”. Памятаю, як інспектар сказаў ёй: “Толькі ідзі па пешаходным пераходзе”. Яна накіравалася прама да пешаходнага перахода і па ім пераходзіла дарогу. У гэты момант я дастаў свой пашпарт. Інспектар паспеў запісаць маё прозвішча. Здарыўся ўдар… І мы выбеглі з машыны…”

Муж Вольгі, якую збіў кіраўнік ДАІ: Ад удару яе адкінула на 60 метраў

Еўрарадыё: Як сябе павёў той, хто збіў вашу жонку?

Валерый Беразоўскі: Ён начальнік з ДАІ. Ён спакойна выйшаў, засунуў рукі ў кішэні. Я помню, як падбег да яго: “Што ты нарабіў!” Ён кажа: “Я 60 ехаў, а яе проста не бачыў”. Нібыта ён кацяня збіў, а не чалавека. Яму было фіялетава. Выглядала, што ён думаў: “Зараз трошкі падураць галаву, сяду і паеду”.

Еўрарадыё: У адным з рэгіянальных СМІ напісалі, што нібыта Вольга сказала інспектарам ДАІ, што вы едзеце на пахаванне.

Валерый Беразоўскі: Гэта сапраўды было. Гэта я сказаў, што мы едзем на пахаванне… Так яно і атрымалася. Нельга жартаваць з такімі рэчамі.

 

“Машыну ДАІ было дрэнна бачна, маячкі не былі ўключаныя”

 

Ці толькі п’яны даішнік вінаваты ў трагедыі?

Першы момант, які насцярожвае. Адразу пасля трагедыі ў СМІ трапіла інфармацыя, што Вольга пераходзіла дарогу не па пешаходным пераходзе. Маўляў, доля вінаватасці можа быць і на загінулай. Потым у ДАІ МУС Беларусі Еўрарадыё паведамілі, што інфармацыя пра няправільны пераход дарогі — папярэдняя, і на самой справе магло быць інакш.

Другі момант. Жыхары вёскі Дарава ў адзін голас кажуць, што скрыжаванне, дзе збілі Вольгу, аварыйнае. Мясцовых там не аднойчы штрафавалі за хадзьбу без флікера, ДТЗ там здараліся не аднойчы. Трагедыя, калі загінула Вольга, адбылася ў цёмны час сутак. Было каля 20.50. Можа быць, экіпажу ДАІ варта было ўключыць сінія маячкі ў мэтах бяспекі? Маўляў, увага, каля скрыжавання прыпаркаваныя машыны, кіроўца, будзь пільны! Тады, верагодна, п’яны ліхадзей убачыў бы экіпаж ДАІ здалёк і прынамсі скінуў бы хуткасць.

Следчыя задавалі Валерыю пытанне: дык былі ўключаны маячкі ці не? Спрабуем высветліць гэтую інфармацыю.

Муж Вольгі, якую збіў кіраўнік ДАІ: Ад удару яе адкінула на 60 метраў

Вы думаеце, я па дадзеным пытанні вам нешта адкажу? Усе нюансы ўдакладняйце ва УУС Брэсцкага аблвыканкама”, — не ідзе на гутарку Андрэй Пераход, начальнік тых самых ляхавіцкіх даішнікаў, якія дзяжурылі на скрыжаванні.

З брэсцкага УУС Еўрарадыё перанакіроўваюць у ДАІ МУС Беларусі.

“А ў якой прычынна-выніковай сувязі экіпаж ДАІ з дарожным здарэннем? — здзіўляецца Ганна Банадык, старшы інспектар па асаблівых даручэннях ДАІ МУС Беларусі. — Раніцай дзяжурны дакладваў, што маячкі былі ўключаныя”.

Наконт астатніх нюансаў рэспубліканскае ДАІ просіць звяртацца ў Следчы камітэт. А ў СК пра тыя ж маякі інфармацыю пакуль не ўдакладняюць. Магчыма, нешта паведамяць разам са звесткамі аб далейшых працэсуальных дзеяннях.

Аднак Валерый Беразоўскі кажа, што маячкі на аўтамабілі ДАІ ўключаныя не былі:

“Яна стаяла на скрыжаванні, недалёка ад ліхтара. Але з дыстанцыі машыну бачна не было. Асабіста я ў першую чаргу ўбачыў супрацоўніка ДАІ, дзякуючы яго спецабмундзіраванню. Дык вось маячкі ўключаныя не былі. Што тычыцца габарытаў — не памятаю”.

Паводле беларускіх законаў, інспектары сапраўды мелі права не ўключаць маячкі, бо знаходзіліся ў населеным пункце. Хай сабе і дрэнна асветленым. Магчыма, гэтая трагедыя прымусіць заканадаўцаў перагледзець правілы.

“У мяне нават ёсць фотаздымак яе курткі, на якой прышытыя флікеры”

 

“Калі мяне дапытвалі, то сказалі, што ў яе не было флікераў, — працягвае Валерый. — Я кажу: “Як не было!? Мы разам прышывалі гэтыя светлаадбівальныя палоскі. Насамрэч, у яе былі тры флікеры — на маланцы, якая зашпільвае куртку, і на бакавых кішэнях. Флікеры маленькія, але яны былі. У мяне нават ёсць фотаздымак, на якім адзін з флікераў добра бачны”.

Муж Вольгі, якую збіў кіраўнік ДАІ: Ад удару яе адкінула на 60 метраў

Еўрарадыё: Куртка ад самага пачатку прадавалася з гэтымі флікерамі?

Валерый: Не, мы наўмысна купілі ў краме метровую палоску (з тканінай, якая адбівае святло, — Еўрарадыё). Яна прышывала гэтую тканіну на куртку мне і сыну. Кавалачкі гэтай палоскі ў яе прасунутыя ў сабачкі на замках і зашытыя.

Муж Вольгі, якую збіў кіраўнік ДАІ: Ад удару яе адкінула на 60 метраў

Пра хуткасць, з якой рухаўся падазраваны Ваўкавыцкі

 

“У мяне пыталіся, з якой хуткасцю ён ляцеў. Я выказаў меркаванне, што, напэўна, каля 100 км/г, — разважае Валерый. — На гэта адзін з праваахоўнікаў мне запярэчыў: каб так адкінула чалавека, трэба ехаць з хуткасцю каля 160 км/г”. На асфальце быў след крыві на 18 метраў, а да гэтага яна яшчэ ляцела ў паветры. Усяго ад удару Волю адкінула прыкладна на 60 метраў”.

“Усё бачыў самы галоўны сведка. Калі мы пачулі ўдар, ён сказаў: "О, паляцела!"”

 

У машыне ДАІ быў яшчэ адзін кіроўца, на якога складалі пратакол, распавядае Валерый.

“Ён усё добра бачыў, бо быў на пярэднім сядзенні. На яго складалі пратакол. Відавочна, што ў ДАІ ёсць дадзеныя гэтага чалавека. Ці дапытвалі яго следчыя, мне не вядома. Калі мы пачулі ўдар, ён сказаў: “О, паляцела!” Я і яшчэ адзін супрацоўнік ДАІ выскачылі з машыны. А другі — застаўся дапісваць пратакол. Дапісаў, адпусціў гэтага сведку, і тады выйшаў. Першы супрацоўнік у гэты час некуды тэлефанаваў. На дарогу не выставілі ні знакаў, нічога. На Волю пачала ехаць фура. Я кінуўся пад гэтую фуру, каб яе спыніць. Толькі тады яны пачалі ставіць знакі. Адзін супрацоўнік стаў у пачатку, другі — у канцы, разводзілі аўтамабілі на месцы здарэння”.

Ужо былы кіраўнік баранавіцкай ДАІ Андрэй Ваўкавыцкі быў затрыманы. Хутчэй за ўсё, ён будзе змешчаны ў СІЗА. Па артыкуле 317 яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі