"Вельмі ўдзячная чыноўнікам і прэзідэнту". Як вызваліцца ад "дармаедскага збору"

"Вельмі ўдзячная чыноўнікам і прэзідэнту". Як вызваліцца ад "дармаедскага збору"

Пазбегнуць выплаты "дармаедскага збору" можна нават калі вы пад яго падпадаеце па ўсіх параметрах. Апошняя інстанцыя ў гэтай справе ― райвыканкам. Туды трэба асабіста з'явіцца, напісаць заяву і праз адно акно падаць усе неабходныя дакументы, якія вам пералічаць чыноўнікі. Яны расказваюць, што некаторыя разварочваюцца і ўцякаюць ужо на стадыі напісання просьбы аб вызваленні. Іншыя спрабуюць схітрыць. Агулам, ад збору вызваляюць 4-5% ад тых, хто напісаў заявы. Напрыклад, на ўвесь Бешанковіцкі раён станоўчае рашэнне прынялі пакуль толькі ў дзесяці выпадках. "Людзі пішуць шмат заяваў, усё правяраем. Але ў асноўным вызваляем тых, хто не можа працаваць па медыцынскіх паказаннях", ― расказвае кіраўнік фінансавага аддзела райвыканкама Аляксандр Ткачонак. Сярод шчасліўчыкаў трапляюцца таксама былыя студэнты. Не ўсе з іх змаглі хутка знайсці працу пасля завяршэння вучобы.

"Вельмі ўдзячная чыноўнікам і прэзідэнту". Як вызваліцца ад "дармаедскага збору"

Дармаеды - гісторыя пытання

Пра барацьбу з "дармаедамі" беларускія ўлады загаварылі ў сакавіку 2012 года. "Прыцягнуць людзей да грамадска карыснай дзейнасці" прапаноўваў дэпутат Віктар Гумінскі. Аднак пра збор з беспрацоўных тады гаворкі не вялося.

Еўрарадыё паразмаўляла з некалькімі вызваленымі ад выплаты дармаедскага падатку беларусамі і даведалася іх гісторыі.

 

Вадзім, Мінск

"Я вучыўся, а потым праходзіў камісію ад ваенкамата. Таму не мог уладкавацца на працу. Проста не паспеў укласціся ў гэты тэрмін. Потым падаў у райвыканкам поўны пакет дакументаў. Ці прыходзілі яны да мяне дадому, я не ведаю. Цяпер працую ў Мінску. Вызвалілі мяне ад выплаты збору за два тыдні. Па законе, месяц павінны разглядаць, але было хутчэй. Што я думаю пра Дэкрэт №3? Пакіну гэтае пытанне без каментарыя".

 

Іван, Гарадок

"Мяне вызвалілі, бо я ў 2015 годзе трапіў у аварыю і не мог працаваць. У мяне былі медыцынскія паказанні. Указаў усё гэта ў заяве, аднёс у райвыканкам. У райвыканкаме прасілі толькі медыцынскія дакументы, якія сведчылі б пра мой стан, пра тое, што я не мог фізічна працаваць у той час. Цяпер я ўжо працую. Увогуле, мне толькі дакументаў хапіла, да мяне дадому не прыходзілі ― які ў гэтым сэнс. Толькі ў райвыканкаме мы размаўлялі. Пра сам дэкрэт не хачу размаўляць".

 

Алена, Віцебск

"Пяць гадоў таму ў мяне быў інсульт. І пасля гэтага я не магу пастаянна працаваць, працую з перапынкамі... Інваліднасці няма, але поўнай працаздольнасці таксама. І вось, у 2015 годзе мне не хапіла 20 працоўных дзён, каб не плаціць гэты падатак. 183 каляндарныя дні трэба, а мне 20 не хапіла. Мне ў падатковай інспекцыі патлумачылі, што можна падаць на вызваленне, і я падала ўсе дакументы ў выканкам. Даведкі ад урачоў, выпіску з медкарты, заяву пісала, пра сваю сітуацыю тлумачыла. Сказалі, што месяц будуць разглядаць маё пытанне. Але вось нават раней атрымала адказ. Цяжкасцяў не было з гэтым. Што ў 2016 годзе будзе, я не ведаю. У мяне там менш дзён адпрацавана і адзін працадаўца не афармляў... Мне пайшлі насустрач. Я вельмі ўдзячная і чыноўнікам, і прэзідэнту, што далі такую магчымасць".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі