Міятавіч: “Мне далі зразумець, што затрыманні журналістаў спыняцца”

Вынікам “доўгіх перамоў” з беларускімі ўладамі назвала свой прыезд 3 чэрвеня ў Беларусь прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч. Тым не менш, тое, што запрашэнне было атрыманае, Міятавіч разглядае як “прызнанне яе мандата і працы, якую яна выконвае”. Нягледзячы на тое, што чакаць і дабівацца гэтага запрашэння ёй давялося амаль тры гады — са снежня 2010 года.



“Беларусь з’яўляецца адной з 57 краін-удзельніц АБСЕ і нясе, як і ўсе астатнія краіны, перад АБСЕ адказнасць за незалежнасць СМІ”, — тлумачыць сваю пазіцыю прадстаўніца АБСЕ журналістам напрыканцы другога, поўнага сустрэч, дня візіту.



Сустрэч сапраўды было шмат. Для пачатку яна распачала семінар-трэнінг для беларускіх журналістаў на тэму развіцця інтэрнэт-СМІ і анлайн-журналістыкі. Потым сустрэлася з кіраўніцтвам Беларускай асацыяцыі журналістаў і тымі журналістамі, што атрымалі за сваю прафесійную дзейнасць “суткі”, адміністрацыйныя і крымінальныя справы. Была ў афіцыйным Саюзе журналістаў, у Палаце прадстаўнікоў, Мініфармацыі, Адміністрацыі прэзідэнта, Вярхоўным судзе, у рэдакцыі “СБ”. Наперадзе — сустрэча з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем і візіт на БТ.



Дуня Міятавіч: “Гэта паказвае жаданне і сведчанне дакладных знакаў з боку кіраўніцтва Беларусі аднавіць супрацоўніцтва з маім офісам. Усе дзверы для мяне былі адчыненыя, усе размовы праходзілі ў вельмі добразычлівых абставінах. Яны не былі простымі — як вы ведаеце, цягам апошніх трох гадоў я ўзнімала пытанні, звязаныя з пераследам журналістаў у Беларусі, і ўлады ведаюць пра гэта”.


Міятавіч упэўнена: яе візіт — гэта магчымасць, якую нельга страціць, каб палепшыць сітуацыю са свабодай СМІ ў нашай краіне. І сцвярджае, што са свайго боку зрабіла ўсё, каб скарыстацца гэтай магчымасцю.


Дуня Міятавіч: “Кароткатэрміновыя затрыманні журналістаў павінны быць спыненыя ўжо сёння. А так затрыманняў за апошні час было каля 60! І пасля дыскусій, якія ў мяне былі сёння, я спадзяюся, што практыка такіх затрыманняў спыніцца, а абвінавачанні супраць журналістаў мусяць таксама быць адкліканыя — я атрымала наўпроставыя знакі, што ўлады гатовыя на гэта пайсці”.



Ці гэта тычыцца толькі Анджэя Пачобута і Антона Сурапіна, якіх Міятавіч ўзгадвала падчас сустрэчы, ці гэта тычыцца ўсіх тых журналістаў, каго цягам апошніх двух з паловай гадоў асудзілі на “суткі” за “супраціў міліцыянтам”, “лаянку ў грамадскім месцы”, “удзел у несанкцыяваным мерапрыемстве” і гэтак далей, прадстаўнік АБСЕ не ўдакладняе. Як і не кажа дакладна, хто канкрэтна з чыноўнікаў даў ёй знакі таго, што затрыманні спыняцца, абвінавачанні — здымуцца, а журналістам не будуць надалей перашкаджаць выконваць сваю працу.


Тэму “перашкодаў працы” спрабуюць падхапіць прадстаўнікі дзяржаўных СМІ. Маўляў, а чаму прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ ніводнага разу не выказалася ў абарону тых іх калег, якія трапілі ў спіс неўязных у ЕС?!



Дуня Міятавіч: “Еўрапейскі саюз не з’яўляецца краінай-удзельніцай АБСЕ, і мой мандат на яго не распаўсюджваецца. Таму, пытанні забарончых спісаў павінны быць абмеркаваныя ўладамі Беларусі з Еўрапейскім саюзам. Са свайго боку, я буду працягваць разглядаць гэтыя пытанні, але мне падаецца, што ў Беларусі значна большыя праблемы ў галіне свабоды СМІ, чым толькі гэтая”.



Тым не менш, менавіта выкананне на практыцы гэтых “знакаў”, а таксама — рэформу заканадаўства ў галіне СМІ Дуня Міятавіч называе “сваёй кароткатэрміновай мэтай, на якой яна засяродзіцца ў сваім супрацоўніцтве з беларускімі ўладамі”.



У якасці “станоўчых” прыкмет у галіне свабоды СМІ Міятавіч адзначае шырокі доступ беларусаў да Інтэрнэту, магчымасць легальна выдавацца “Нашай нівы” і “Народнай волі”… І ўсё. Ва ўсім астатнім – спадзяванні, што беларускія ўлады пойдуць па шляху “лібералізацыі і дэмакратызацыі”. Праўда, шчыра прызнаецца, што не верыць у грунтоўныя змены ўжо заўтра.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі