Мітрапаліт Антоній: Мне даводзілася страляць у чалавека — дрэннае ўражанне

Даведка Еўрарадыё: Антоній Махота — мітрапаліт Хмяльніцкі і Камянец-Падольскі Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату. На пачатку сакавіка па ініцыятыве мітрапаліта Антонія пачало стварацца “Праваслаўнае апалчэнне “Падольска казацка січ”.

Еўрарадыё: Вы былі ініцыятарам стварэння Праваслаўнага апалчэння “Падольска січ” — а як жа Божы запавет “Не забі”?

Мітрапаліт Антоній: “Не забі” — гэта не азначае, што “не абарані сябе, не абарані свайго блізкага і не абарані сваю радзіму”. Святое Пісанне нам кажа: “Няма нічога лепшага, чым душу сваю пакласці за сяброў сваіх”. Ва ўсе часы хрысціянства трымалася менавіта на тым, што мы былі верныя Богу, Айчыне і свайму народу. І абарона свайго народу ад іншапляменнікаў заўжды ў Бога была блаславёнай справай. Таму што, баронячы краіны, баронячы Айчыну, баронячы сем’і, мы тым самым баронім само паняцце хрысціянства пра тое, што Бог — гэта любоў, Бог — гэта жыццё. Паколькі вораг прыходзіць для таго, каб забраць жыццё іншага, то тут няма супярэчнасцяў у мяне духоўнага з маім свецкім пачаткам.

Еўрарадыё: Але што мы маем у выпадку з апалчэннем: не людзі прыйшлі да вас са словамі “Святы айцец, мы тут апалчэнне збіраем Айчыну і сем’і бараніць — блаславі нашу справу!”, а вы звярнуліся да сваіх вернікаў: “Вораг пагражае, а вы па хатах сядзіце — давайце, апалчэнне збірайце!”…

Мітрапаліт Антоній: Ну, (смяецца) звязана гэта было з тым, што палітычная сітуацыя ў краіне, на жаль, не пакідае часу на развагі самаму народу. Цяжка гэта прызнаваць, але якая б ні была ўлада — гэта заўжды падзел партфеляў і гэтак далей. А сёння вораг ужо забраў у нас частку нашай зямлі, замахваецца на другую частку тэрыторыі, а прадстаўнікі ўлады замест таго, каб больш сур’ёзна арганізоўваць абарону краіны, гэта я кажу на час фармавання апалчэння, а не пра сённяшні дзень, працягвалі дзяліць партфелі. І мяне гэта як чалавека, скажам так, дзяржаўнага, якому неабыякавы лёс сваёй краіны, вельмі моцна абурыла. Убачыўшы, што нават народныя масы былі ўцягнутыя ў падзел свецкага пірага, я зразумеў, што мы можам прапусціць пагрозу знешнюю. Усе кінуліся вырашаць пагрозы ўнутраныя, а апынулася, што тым часам ужо знешні вораг стаіць ля варот!

Еўрарадыё: І як да вашай ідэі паставілася кіраўніцтва Украінскай Праваслаўнай Царквы?

Мітрапаліт Антоній: Я атрымаў блаславенне ў царкоўнага кіраўніцтва — зразумела, я не магу так рабіць і паступаць сам па сабе. Але ж, як я ўжо казаў, галоўны прынцып нашага апалчэння — абарона краіны ад знешняга ворага. Мы ні ў якім разе не вырашаем палітычныя пытанні, пытанні нейкага ўнутранага дзяржаўнага значэння — прызначэнне на пасады ці нешта яшчэ такое. А вы ж ведаеце з гісторыі, што ў выпадку знешняй агрэсіі царква заўжды была на баку народа: падвор’і архірэйскія, манастыры заўжды давалі прытулак і абарону тым, хто збіраўся ў народнае апалчэнне. Магчыма, зараз я крыху сыграў на апярэджанне падзей, але я пабачыў, што пагроза сапраўды вельмі вялікая, і пакуль бы мы размаўлялі і спрачаліся, то вораг мог бы дайсці да сэрца нашай радзімы, да сталіцы.

Еўрарадыё: І як да вашага закліку паставіліся вернікі — асабліва жаночая частка, чыіх мужоў вы абулі ў вайсковыя боты?

Мітрапаліт Антоній: Наадварот, пісалі нашаму прэс-сакратару айцу Сергію Горбіку, дарэчы — беларусу па паходжанні, і пыталіся: ці будзе месца ў апалчэнні для жанчын —хоць там кухаркамі, радысткамі, медсёстрамі ці яшчэ кім. Я сказаў, што мы над гэтым абавязкова падумаем, але пакуль пераважную большасць апалчэння складаюць мужчыны. Калі ж казаць пра матуль, якія адпраўляюць сваіх дзяцей, жонак, якія адпраўляюць мужоў, то ад іх я не пачуў ніводнага слова супраць. Народ разумее: калі зараз не стаць на абарону сваёй радзімы, то заўтра вораг будзе забіраць самае каштоўнае — жыццё блізкіх і родных.

Еўрарадыё: Апалчэнне “праваслаўнае”, але ці ёсць месца ў ім грамадзянам Украіны іншага веравызнання?

Мітрапаліт Антоній: Сапраўды, апалчэнне ўжо разраслося і вырасла са слова “праваслаўнае”. Але вернікі іншых канфесій спакойна ставяцца да гэтага назову “праваслаўнае апалчэнне”. Я цікавіўся, ці не з’яўляецца гэта слова для іх нейкім раздражняльным фактарам, і ўсе выказаліся станоўча, і пакуль пытанне пра замену слова не стаіць. Дый, напэўна, гэта сёння не самае галоўнае! У апалчэнні зараз шмат як і вернікаў розных канфесій, так і людзей розных нацыянальнасцяў.

Еўрарадыё: Колькі ўжо людзей запісалася ў апалчэнне і колькі з іх — беларусы?

Мітрапаліт Антоній: Мы не дзелім сваіх апалчэнцаў па нацыянальнасцях. Ведаю, што, апроч украінцаў, у апалчэнні шмат беларусаў, рускіх, літоўцаў, латышоў, эстонцаў, ёсць палякі, славакі і іншыя нацыянальнасці. Іншая справа, што беларусы нам неяк бліжэй — Хмяльніцкі непадалёк ад беларускай мяжы, тут вялікі рынак месціцца і ў спакойныя часы да нас заўжды вельмі шмат беларусаў прыязджала. А зараз у нашых беларускіх братоў прачнуўся дух ўзаемадапамогі, за што мы ім вельмі ўдзячныя. Калі ж казаць пра колькасць апалчэння, то прывяду такі прыклад: на другі дзень пасля абвяшчэння запісу ў нас было 360 чалавек, а на трэці — ужо 1462. І мы зараз працягваем прымаць заявы ад людзей, але ўжо больш стараемся звяртаць увагу не на колькасць, а на якасць. Калі казаць пра беларусаў, то ўжо падчас нашай першай паездкі ў складзе групы з 17 апалчэнцаў былі два беларусы — айцец Сергій Горбік і Уладзіслаў Ахроменка, беларус, які зараз жыве ў Чарнігаве. Дарэчы, вельмі прадстаўнічы і сур’ёзны мужчына, які вельмі добра ўліўся ў наш калектыў, яго палюбілі. Спачатку ўсе ўразіліся, калі ён ў першую ноч паездкі вялізную каструлю салаты нарэзаў, а калі ён пасля пайшоў на пост разам з вайскоўцамі, то пра яго пачалі ўсе казаць: “Гэта — наш чалавек!”

Еўрарадыё: Я так разумею, што апалчэнцы ўжо выязджалі на зборы ці нават на вучэнні?

Мітрапаліт Антоній: Мы выязджалі на, як мы гэта называем, адміністрацыйны кардон на тэрыторыі Херсонскай вобласці, на мяжы з акупаванымі тэрыторыямі Крыма. Гэты быў наш першы паход, падчас якога мы зразумелі, што мы сапраўды патрэбныя тым памежнікам і салдатам, што там знаходзяцца, яны зразумелі, што мы ім патрэбныя. Не далей як 10 красавіка мы былі ў Памежнай акадэміі, дзе нам сказалі, што нас чакаюць на любой заставе. І арганізоўваюцца для ўзняцця нашай баяздольнасці для апалчэнцаў сумесныя стрэльбы, вучэнні. Карацей, стараемся быць карыснымі для нашага войска.

Еўрарадыё: Ну, вось прыехала ваша група на кардон і што — пахадзілі, павіталіся з вайскоўцамі, маральна падтрымалі і ўсё?

Мітрапаліт Антоній: Не, мы не як бедныя сваякі нейкія прыехалі — мы вязём з сабой тую гуманітарную дапамогу, якую ў нас просіць канкрэтная памежная частка. Патрэбы ў вайскоўцаў былі розныя: ноўтбукі, офісная папера, бульба, тушонка… А адтуль вывозілі сваімі машынамі скарыстаную бялізну. Здавалася б, якая дапамога ў вывазе бялізны? Але вайскоўцам неабходна пераапранацца ў чыстае, а на новых кардонах для гэтага пакуль нават умоў няма. Мы гэта забралі і зараз усё памытае, чыстае павязём ізноў у вайсковую частку. Яшчэ зараз набываем маскіровачныя халаты і форму. Калі ў пешую паездку ехалі, набылі 6 маскіровачных халатаў натаўскага ўзору — форма натаўская вельмі зручная. Павязём і іншыя рэчы, пра якія нас папрасілі. Па прыездзе, апроч богаслужэння, я служу літургію, спавядаю, прычашчаю, а нашы апалчэнцы ідуць у сумесныя нарады з вайскоўцамі і робяць усё тое ж, што і яны. Былі ў акопах, так бы мовіць, разам з салдатамі. І на ўласныя вочы ўпэўніліся ў тым, да якой ступені сур’ёзнае становішча на нашых межах. Прычым — сур’ёзнае для бяспекі ўсяго свету. Але, на жаль, свет гэтага пакуль не разумее.

Еўрарадыё: На якія сродкі набываеце рэчы для вайскоўцаў?

Мітрапаліт Антоній: Гэта ўсё нашы асабістыя сродкі — апалчэнцаў і тых людзей, якія ахвяруюць альбо грошы, альбо прадукты, якія просяць адвезці вайскоўцам.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, што і вы, і іншыя святары — частка апалчэння. Сітуацыя можа скласціся розная — вы будзеце здольныя забіць хай сабе і ворага, але — чалавека?

Мітрапаліт Антоній: Вельмі складанае пытанне… Больш за 20 гадоў таму я абавязаўся не браць больш у рукі зброю. Я служыў у войску, прычым, паўтара з тых двух гадоў я не проста насіў зброю — мне даводзілася страляць у чалавека. Мне не хацелася б больш у жыцці гэтага рабіць. Неяк мне давялося страляць у парушальніка — я служыў ва ўзводзе аховы. Гэта не вельмі прыемнае ўражанне. І зараз падчас паездак я не бяру ў рукі зброю і спадзяюся, што патрэбы ў гэтым не ўзнікне. А калі неабходна будзе выратаваць жыццё, не сабе — байцам, я не ведаю, як я зраблю, складанае пытанне…

Еўрарадыё: Калі мы паведамілі пра беларусаў, якія запісаліся ў апалчэнне, былі і такія каментары, што, маўляў, гэта наёмнікі, а “за гэта ў нашай краіне прадугледжанае крымінальнае пакаранне — хай толькі вернуцца на радзіму!”. Тыя беларусы, літоўцы, палякі ды іншыя апалчэнцы — наёмнікі?

Мітрапаліт Антоній: Наёмнік — гэта той, хто гатовы ваяваць у любой кропцы свету выключна за грошы. А тут людзі, якія ўкладаюць свае грошы і прыязджаюць, каб дапамагчы іншым людзям. Хутчэй гэта — сучасныя Робін Гуды. Гэта сапраўды нармальнае, сапраўднае славянскае братэрства, амаль у ідэале.

Еўрарадыё: Таксама апалчэнцаў, якім, дарэчы, у большасці пад 50 гадоў, абвінавачвалі ў тым, што яны “не нагуляліся, відаць, у дзяцінстве ў вайнушку і зараз дагульваюць”…

Мітрапаліт Антоній: Глупства! Я ў сваю вайну “нагуляўся”, айцец Сергій ў сваю вайну ў Афганістане, дзе служыў, таксама “нагуляўся”, свае медалі атрымаў. Мы хочам забыць любыя войны, гвалт чалавека над чалавекам. І апалчэнне — гэта, акурат, супраціў злу, каб не было вайны. Галоўная наша тэма — недапушчэнне вайны, недапушчэнне гвалту над чалавекам у нашым XXI стагоддзі. Таму пра жаданне гульняў у нейкія войны ды вайнушкі не можа нават размовы ісці.

Еўрарадыё: Падчас Майдану святары Украінскай Праваслаўнай Царквы былі на баку пратэстоўцаў. А што дрэннага зрабіў вашай царкве, святарам асабіста Януковіч ці яго рэжым?

Мітрапаліт Антоній: Складанае пытанне псіхалагічнага характару… На маім гербе мітрапаліта напісаныя словы са Святога Пісання: “Дзе дух Божы — там свабода”. Я вельмі свабодалюбівы чалавек і нікому не дам адабраць у мяне тую свабоду, якая была дадзеная мне Богам. Я лічу, што ў мяне і ў майго народа цягам гадоў проста забіралі гэтую свабоду, абмяжоўвалі ў правах, рабілі такія рэчы, якія чалавек, надзелены вышэйшай уладай, не павінен быў рабіць. У мяне няма зла асабістага, унутранага — Бог усім суддзя і Бог лепш усё рассудзіць. Не мая справа судзіць. Але чаму мы ў той жа час былі на баку пратэстоўцаў, бо гэта быў такі ж плач народа, нібыта біблейскі плач Ераміі. Гэта быў нібыта “Маісееў паход”. Бог не ў сіле — Бог у праўдзе. І таму мы, святары, былі на баку праўды, а значыцца — народа.

Еўрарадыё: І што — дабіўся ў выніку народ праўды? Тое, што зараз мае Украіна — гэтага хацеў Майдан?

Мітрапаліт Антоній: Думаю, яшчэ не зусім ён дабіўся таго, што хацеў, і яшчэ вельмі шмат давядзецца дабівацца і прабівацца. Асабліва ў пытаннях карупцыі, пытаннях улады. Пакуль улада не зразумее, што яна для народа, а не народ для яе — зменаў не будзе. Безумоўна, змены ёсць, і яны вялізныя, але сказаць, што яны канчатковыя, дакладна такія, якіх хацеў народ, немагчыма.

Еўрарадыё: У выніку анексіі Крыма і падзей, што адбываюцца на ўсходзе краіны, Расія згубіла такога сябра, як Украіна. А ці згубіла ў выніку расійска-ўкраінскага канфлікту Руская Праваслаўная Царква добрыя адносіны з Украінскай Праваслаўнай Царквой?

Мітрапаліт Антоній: Не трэба абагульняць — трэба падзяляць уладу Пуціна і просты рускі народ…

Еўрарадыё: Гэты просты рускі народ, паводле апытанняў, у пераважнай большасці падтрымлівае дзеянні Крамля ў Крыме і на ўсходзе Украіны.

Мітрапаліт Антоній: На жаль, тут вы маеце рацыю. І мы сапраўды пачынаем… адсоўвацца ў так званым братэрскім сяброўстве не толькі ад пуцінскай Расіі, але і ад расіян. Нельга, безумоўна, і там усіх раўняць: ёсць і ў Расіі людзі і рухі, тыя ж Навальны ці Макарэвіч, якія не згодныя з палітыкай сённяшняй расійскай улады. Але шмат прэтэнзій сёння і да рускага народа. І словы з песні “Мы братамі не будзем ніколі, Не па крыві і не па Радзіме” набываюць рысы рэальнасці. Што да Рускай Праваслаўнай Царквы, то, на жаль, яна робіцца прыладай імперскай палітыкі асабіста прэзідэнта Пуціна. І апошняе выказванне Патрыярха Кірыла пра тое, што агрэсія ў адносінах да Украіны законная і ледзь не Богам падтрыманая, адсоўвае нас усё далей ад разумення Рускай Праваслаўнай Царквы.

Еўрарадыё: А якія ў вашай царквы сёння адносіны з Беларускай Праваслаўнай Царквой?

Мітрапаліт Антоній: Увогуле, адносіны і з беларусамі, і з Беларускай Праваслаўнай Царквой, са святарамі нашмат больш мяккія, чым з Рускай царквой і ўвогуле з расіянамі. Мне падаецца, што абодва нашы народы жывуць адным Духам. Я думаю, што яшчэ надыдзе час “сапраўднай Рэчы Паспалітай”. Не нейкай там эфемернай, якую ўзгадваюць і пра якую мараць летуценнікі, а нармальных сяброўскіх і блізкіх узаемаадносінаў паміж Украінай, Беларуссю, Прыбалтыкай, Польшчай. Калі ўжо казаць пра славянскае братэрства, то чаму не разглядаць яго ў такой канфігурацыі? А не ў канфігурацыі Расія-Украіна-Беларусь. Мне больш падабаецца канфігурацыя Украіна-Беларусь-Польшча-Літва-Латвія.

Фота з архіва Антонія Махоты

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі