Mirum Music Festival — эклектычная вечарынка без турнікетаў

Калі першыя імпрэзы Mirum Music Festival былі прысвечаныя электроннай музыцы, то сёлета арганізатары фэсту пашыраюць фармат і  адразу абвяргаюць міф, што “Mirum” — джазавы фестываль. Тут, сцвярджае Яраслаў Чычын, пераважае поўная эклектыка.

“Джазавыя выканаўцы, натуральна, ёсць — на галоўнай сцэне на іх робіцца ўпор. Але асобным “мірком” існуе яшчэ і тэраса “Мірума” — гэта больш клубны фармат, пераважна з хаўс- і тэхна-кірункамі. Але і на галоўнай сцэне ёсць музыкі, якія сумяшчаюць, напрыклад, этніку і электроніку. Гэта наша галоўная мэта — не упірацца ў пэўны жанр. Хто не рызыкуе, той не робіць Mirum Music Festival!” — тлумачыць Яраслаў Чычын.

Стылістычна нескаваным фестываль будзе не толькі ў пытанні музыкі. Арганізатары плануюць правесці Mirum Music Festival максімальна свабодным і ў плане атмасферы — па-сямейнаму і без турнікетаў. “Вось вы прыехалі, тут ваша палянка, тут танчыце, туды не хадзіце — нічога гэтага не будзе”, — падкрэслівае Яраслаў. Арганізатары плануюць нават забяспечыць поўны кантакт гледачоў і выканаўцаў — пасля выступаў артысты будуць выходзіць да публікі.

“Нам бы хацелася, каб па адчуваннях фестываль нагадваў вечарынку. Каб нават людзі, якія прыехалі на фестываль асобна і не ведаюць нікога навокал, змаглі адчуць сябе ў сямейнай абстаноўцы пад добрую музыку”.

Акрамя музычнага складальніку на фестывалі запланаваная арт-выстава, спектаклі, светлавыя інсталяцыі, прэзентацыя фільма ад “Тузін.Немаўля”, кераміка, вопратка "Важный Гусь" і, натуральна, шматлікія фуд-корты. Для ахвочых правесці на “Міруме” два дні арганізаванае намётавае мястэчка.

Увага! На Mirum Music Festival чакаецца “мінімальны” фэйс-кантроль — каб выключыць выпадковых людзей. Але сапраўдным меламанам з добрым густам гэта не перашкодзіць трапіць на імпрэзу. Жыхары Мінска, Гродна і Гомеля змогуць даехаць на фестываль адмысловымі бас-турамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі