Мінская мытня канфіскавала Lamborghini за 2 млрд рублёў

Белая Lamborghini Gallardo Spyder належыць грамадзяніну Венесуэлы. Як адзначае сайт by24.org, гаспадар рэгулярна паркаваў свой аўтамабіль у самых непрыдатных для гэтага месцах. Асабліва яму палюбілася пешаходная зона побач з гасцініцай "Еўропа", дзе заможны іншаземец доўгі час пражываў. Пры гэтым на аўтамабілі не было ніякіх рэгістрацыйных нумароў. 

Абураныя мінчукі неаднаразова паведамлялі пра злоснага парушальніка ў ДАІ. Да месца паркоўкі суперкара некалькі разоў прыязджалі міліцэйскія эвакуатары. Па словах работнікаў ДАІ, уладальнік акуратна плаціў штрафы, якія яму, відавочна, падаваліся невялікім. 

Аднак канфіскавалі машыну не за сістэматычнае парушэнне правілаў паркоўкі і стаянкі. Прычынай стала няўвага ўладальніка да мытных фармальнасцяў. Аўтамабіль быў ўвезены ў Беларусь паводле часовага дазволу. Яго тэрмін скончыўся, а па працяг у мытныя органы уладальнік так і не звярнуўся. Лёс аўтамабіля, ацэненага ў 2 мільярды рублёў, вырашыць суд.

Фота — з архіву Уладзіміра Чудзянцова

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі