Мінінфармацыі абмежавала доступ да партала нерухомасці

Міністэрства інфармацыі сваім рашэннем абмежавала доступ да партала нерухомасці hata.by. Як кажа ўладальнік рэсурсу Ягор Дарафееў, частка правайдэраў цалкам заблакавалі доступ да сайта, частка — толькі да канкрэтнай старонкі.

Як піша tut.by, інтэрнэт-рэсурс трапіў у "чорны спіс", бо на ім з'явіліся матэрыялы, забароненыя для распаўсюду ў адпаведнасці з Законам аб СМІ. Па словах Дарафеева, невядомыя хакеры ўзламалі сайт hata.by і на адной са старонак размясцілі спярша рэкламу спайсаў, а потым дзіцячую парнаграфію. Спасылкі на старонку былі дасланыя ў Мінінфармацыі і МУС, пасля чаго было прынятае рашэнне абмежаваць доступ да сайта.

Хаця ўладальнікі партала аператыўна выдалілі старонку з забароненай інфармацыяй, Мінінфармацыі не спяшаецца здымаць абмежаванне. У міністэрстве кажуць, што адпаведнае рашэнне прымуць пасля таго, як МУС паведаміць пра выпраўленне парушэння. Нагадаем, што згодна з законам ведамства мае цэлы месяц на разгляд звароту аб разблакаванні рэсурсу.

Чыноўнікі кажуць, што паведамленне пра ўзлом сайта не паўплывае на тэрмін прыняцця рашэння, бо ўладальнік мусіў забяспечыць абарону свайго рэсурсу.

Тым часам за тыдзень абмежавання доступу да сайта яго наведвальнасць знізілася на 40-50%, сцвярджае ўладальнік.

Фота — Fotolia/maxkabakov

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі