Мінінфарм “распаўсюджвае” экстрэмісцкія матэрыялы… законна?
На сайце міністэрства размешчаны “Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў” са спасылкамі на сайты, якія чамусьці адкрываюцца.
На сайце Міністэрства інфармацыі размешчаны Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Сярод значкоў, посуду ды іншай прадукцыі з выявамі фашысцкай сімволікі знаходзяцца спасылкі на розныя сайты, суполкі ў сацыяльных сетках, відэа, якія суды таксама прызналі экстрэмісцкімі. У дужках побач з назвай ці апісаннем даюцца неактыўныя спасылкі. Іх дастаткова скапіяваць, уставіць у камандную строчку браўзера, і вы ўжо праглядаеце забаронены матэрыял.
“Па законе, Мінінфарм мусіць публікаваць спіс матэрыялаў, якія прызнаныя судом экстрэмісцкімі, — кажа юрыст і старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. — Але, калі гэтыя спасылкі па сёння працуюць, то гэта цікава і мусіць выклікаць… здзіўленне”.
Здзіўленне выклікаюць і самі матэрыялы. Напрыклад, відэа, дзе моладзь скача пад крычалку “Хто не скача, той маскаль” падчас дазволенага мітынгу 2015 года ў Мінску, і сюжэт расійскага СМІ з тымі ж кадрамі, але падпісанымі “Бандэраўцы ўжо ў Мінску”, наўрад ці можна сур’ёзна лічыць экстрэмісцкімі. Але ёсць пастанова суда, і будзем яе прытрымлівацца. У гэтым выпадку атрымліваецца, што Міністэрства інфармацыі пасіўна распаўсюджвае “экстрэмісцкія матэрыялы”. Бо кожны ахвочы можа зайсці на сайт і перайсці па спасылках.
“Я б не казаў, што гэта распаўсюджванне, — кажа Андрэй Бастунец. — Але тое, што гэта з боку Мінінфарма неахайнасць, мякка кажучы, — факт. Тут мусіла быць такая логіка: суд прымае рашэнне, што гэта экстрэмісцкія матэрыялы, на падставе судовага рашэння Міністэрства інфармацыі прымае сваё рашэнне аб уключэнні гэтых сайтаў у, так бы мовіць, чорны спіс, а на падставе гэтага спісу ўсе правайдары закрываюць доступ з тэрыторыі Беларусі да гэтых сайтаў”.
Прадстаўнік самага буйнога інтэрнэт-правайдара Беларусі “Белтэлекам” дадае, што спіс забароненых сайтаў ён атрымлівае не ад Міністэрства інфармацыі, а ад Беларускай дзяржаўнай інспекцыі па электрасувязі (БелДІЭ). Прычым, база забароненых матэрыялаў БелДІЭ даволі часта аднаўляецца, бо некаторыя старонкі ўносяць у спіс, некаторыя выдаляюць забаронены кантэнт і наадварот выкрэсліваюцца з “чорнага спісу”. Таму супрацоўнікі “Белтэлекам” правяраюць базу кожны дзень. На думку правайдара, калі старонкі з Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкай літаратуры адкрываюцца, то гэта сведчыць толькі пра тое, што Мінінфарм не перадаў іх у БелДІЭ, ці ўласна БелДІЭ не ўнесла іх у базу.
Еўрарадыё паспрабавала даведацца ў Міністэрстве інфармацыі, чаму спасылкі са спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў працуюць. У міністэрстве пра дзеючыя спасылкі даведваюцца ад нас, пагаджаюцца адказаць праз некалькі гадзін і знікаюць. У выніку за восем дзён з моманту, як Еўрарадыё агучыла пытанне, доступ да экстрэмісцкіх матэрыялаў са спісу так і не закрываюць.