Мінгарвыканкам і "Газпрам" не дамовіліся пра кошт будаўніцтва

Праект па будаўніцтве развязкі на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Філімонава ў Мінску прыпынены. Мінгарвыканкам і расійская кампанія "Газпрам", за кошт якіх на парытэтнай аснове павінна была фінансавацца пабудова аб'екта, не дамовіліся пра яе цану. Пра гэта паведамляе партал tut.by, які спасылаецца на некалькі "інфармаваных крыніц".

Нагадаем, што пабудова шматузроўневай транспартнай развязкі каля Нацыянальнай бібліятэкі — гэта адно з абавязацельстваў "Газпрама" з-за будаўніцтва офіса кампаніі на месцы аўтавакзала "Маскоўскі". Паводле інвестыцыйнай дамовы, расійскі бок абавязаўся пералічыць у бюджэт Мінска грашовыя сродкі ў памеры 50% каштарыснага кошту будаўніцтва развязкі. Астатнія грошы мусіў даць сталічны бюджэт. Канкрэтная сума ў дамове не прапісаная.

Нядаўна заказчык будаўніцтва развязкі "Гардарбуд" накіраваў ліст у інстытут "Мінскінжпраект" з просьбай прыпыніць праектныя работы па развязцы. Прычына — нібыта адсутнасць фінансавання. Аднак у "Газпраме" сцвярджаюць, што сродкі пералічылі яшчэ летась.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, кошт развязкі спачатку ацэньваўся на 60 млн долараў, але пасля павялічыўся да 126,3 млн долараў і яшчэ можа ўзрасці. У "Газпраме" здзіўленыя гэтым і запатрабавалі правесці незалежную экспертызу. Знайсці лішнія грошы ў цяперашні час праблематычна і для расійскай кампаніі, і для мінскіх уладаў. Таму не выключана, што праект можа быць адкладзены.