Мінгандлю патлумачыла, чаму крамы абавязалі прадаваць чыпсы з сырой бульбы

Мінгандлю патлумачыла, чаму крамы абавязалі прадаваць чыпсы з сырой бульбы

Чыпсы з сырой бульбы былі ўключаныя ў абавязковы асартыментны пералік тавараў для аб’ектаў рознічнага гандлю. Гэта адзін з самых шкодных прадуктаў, аднак магчымасці не прадаваць яго цяпер не будзе.

“Працэс смажання — раз. Гарыць крухмал, гэта канцэрагенныя рэчывы — гэта два. Трэцяе — выкарыстоўваюцца ўсялякія харчовыя дабаўкі падчас прыгатавання чыпсаў, якія маюць хімічны склад і для арганізму, акрамя шкоды, нічога не нясуць. Прадукт, які мае тэрмін прыдатнасці больш за 24, 48 гадзін, чым павінны быць апрацаваны? А ўсё гэта хімічныя кампаненты, хімічныя рэчывы”, — распавядае ўрач-дыетолаг Наталля Давыдава.

Раней у пераліках былі “сухія бульбапрадукты”. Гэта, акрамя чыпсаў, снэкі, пласцінкі, камячкі ды іншае. Уключэнне такой пазіцыі, як чыпсы з сырой бульбы абавяжа крамы мець на прылаўках і пэўную колькасць гэтага прадукту беларускай вытворчасці.

Менавіта іх, беларускіх чыпсаў, і не хапала пакупніку, лічаць у Мінгандлю. Маніторынг паказаў, што асартымент сухіх бульбапрадуктаў у крамах значна шырэйшы, чым прадугледжана пастановай №20 “Аб пераліках тавараў”. Але шмат дзе выбар імпартных чыпсаў з сырой бульбы быў вялікі, а беларускі прадукт адсутнічаў.

“Яшчэ ў пачатку мінулага года ў краіне пачалі выпуск чыпсаў з сырой бульбы. Гэтаму папярэднічала вялізная праца, пачалі вырошчваць бульбу чыпсавых гатункаў. Паводле якасці дадзены прадукт не саступае імпартным аналагам, пры гэтым таннейшы. Пакупнік павінен мець права выбару”, — паведамляе Мінгандлю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі