Мінфін закупляецца аўтамабілямі на 4,5 мільярда!

“Renault ці Samand прапаноўваюць. Магчыма, выберам Renault”, — разважаюць у фінансавым аддзеле Асіповіцкага райвыканкама. Куды на ёй будуць ездзіць у 35-тысячных Асіповічах, яны не ведаюць: “Ну, ездзяць — у нас закладзена ў каштарысе — і ўсё тут”, — спасылаюцца на законнасць набытку.

Кошты аўтамабіляў для фінаддзелаў пачынаюцца ад 130 мільёнаў (амаль 15 тысяч долараў) і да 224 мільёнаў рублёў (25 тысяч долараў). Кожнай вобласці Мінфін выдзеліў розную суму на аўто. Танней за ўсё машыны купяць на Віцебшчыне і Магілёўшчыне — ім па 130 мільёнаў.

У фінаддзеле Хоцімскага райвыканкама Магілёўскай вобласці такую розніцу прыкмецілі:

“Ужо і самі заўважылі розніцу, не любяць нас чамусьці, — кажуць у Хоцімскім раёне. — Баімся, што калі не купім машыну, дык і гэта забяруць! Каб хоць што ўжо купіць!”.

На 50 мільёнаў больш далі Брэсцкай вобласці. У фінаддзелу Баранавіцкага гарвыканкама купляюць аўтамабіль за 180 мільёнаў. Гродзенскі і Слонімскі райвыканкамы набываюць машыны да 200 мільёнаў. Вышэй за ўсё цэняць фінансістаў Мінскай вобласці. У Любанскім райвыканкаме на закупку выдзелілі 25 тысяч долараў. Машыну тут купілі таннейшую — Mazda.

Усяго ж на аўтамабілі з рэспубліканскага бюджэту было выдаткавана 4,5 мільярда рублёў. А некалькі месяцаў таму больш як на 3 мільярды Міністэрства па падатках і зборах набывала аўтамабіляў — у мясцовых падаткавікоў масава паламаліся машыны. 25 штук за раз.

Той самы Мінфін прагназуе недаатрыманне сродкаў у рэспубліканскі бюджэт у 2013 годзе на ўзроўні 9 трыльёнаў рублёў. Спадзяемся, на бензін раённым аддзелам хопіць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі