Мінчуку вярнулі аўтамабіль, які ДАІ забрала падчас акцыі "Стоп-падатак"

Як паведамляла Еўрарадыё, 20 снежня жыхар сталіцы Дзмітрый Прыгараў выехаў на праспект Незалежнасці з лістоўкай "Хопіць абдзіраць!" на шкле аўтамабіля BMW. Да таго ж ён уключыў песню "Не быць скотам" у выкананні гурта "Ляпис Трубецкой". Паводле расповеду кіроўцы, ён ехаў на машыне ад плошчы Перамогі ў бок плошчы Незалежнасці. Каля Палаца Рэспублікі на праспекце яго спынілі супрацоўнікі ДАІ і накіравалі на бліжэйшую стаянку. Там яго аштрафавалі за тое, што ён сігналіў, на 65 тысяч рублёў.

Пасля гэтага Дзмітрыю Прыгараву паведамілі, што яго аўтамабіль павязуць на стаянку Цэнтральнага РУУС — нібыта, узніклі пытанні з нумарным знакам кузава. Там яго сфатаграфавалі і апячаталі, забралі ключы, а праз некалькі дзён паведамілі, што машыну забралі на месяц — будуць праводзіць экспертызу. Аднак, як паведамляе БелаПАН, 31 снежня мінчуку аддалі аўтамабіль, яшчэ да атрымання вынікаў экспертызы. Прыгараў пакуль не вырашыў, ці будзе абскарджваць дзеянні міліцыянтаў.

Нагадаем, аўтамабілісты пратэставалі супраць увядзення ў 2014 годзе ў Беларусі дзяржаўных пошлін на допуск аўтамабіляў да ўдзелу ў дарожным руху.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі