Мінчанка паклала ў кватэры плітку і з-за гэтага прайшла праз 23 суды (фота)

Зоя Быцко жыве ў двухпакаёўцы па вуліцы Мірашнічэнкі ў Мінску амаль 35 гадоў. Плітку у прыхожай і на кухні вырашыла пакласці ў 2012-м, калі на гэта не патрабавалася спецыяльных дазволаў. Тым не менш, гаспадыня кватэры вырашыла падстрахавацца і паведаміла пра свой намер у ЖЭС, узяла адпаведную паперу з дырэктара.

На вока, пакладзеная плітка выглядае, напэўна, гэтак жа, як і ў сотнях тысяч іншых беларускіх кватэр. Але суседка знізу Вольга Х. пачала скардзіцца на шум, у розныя інстанцыі на гэты конт пачалі прыходзіць лісты.

“Падчас рамонту, зразумела, стаяў грукат, выносілі смецце. Так суседка знізу даведалася пра плітку і прычапілася да гэтага”, — згадвае Зоя Быцко, з чаго пачалася гісторыя.

Вольга Х. у выніку дайшла да раённага суда, дзе справу прайграла. Не падтрымалі яе аргументаў пра шум і ў Мінскім гарадскім судзе. А вось з Вярхоўнага справу накіравалі на новы разгляд. Там палічылі, што адказчыца не прадставіла дастаткова доказаў таго, што ўкладка пліткі была выкананая паводле нормаў па шумаізаляцыі.

Экспертыза не выявіла зменаў шумаізаляцыі

“Ужо былі 23 судовыя пасяджэнні! Арганізм не вытрымлівае. Прама падчас судоў ціск падскаквае да 180”, — Зоя Быцко паказвае даведку з бальніцы.

Але найбольш жанчыну абурае тое, што дырэктар ЖЭСа №68 спачатку даў дазвол, а потым сам жа звярнуўся ў суд з заявай на Зою Пятроўну: выдзірай плітку назад. У заяве ўдакладнялася, што пакладзеная плітка змяніла праект дома, таму трэба “прывесці канструкцыю падлогі ў праектны стан”.

Быцко выцягвае з тоўстага стосу некалькі папер. Першая — гэта акт абследавання яе кватэры спецыялістамі ЖРЭА і ЖЭСа ў жніўні 2012 года.

“Тут і кідалі, і тапталі, і правяралі ўсё”, — апісвае дэталі працэдуры Зоя Пятроўна. Відавочных шумоў, паводле заключэння камісіі, у кватэры паверхам ніжэй не пачулі.

У дадатак да гэтага даволі дарагую экспертызу праводзіў прыватны эксперт з ТАА “Крепко”. Але канкрэтнага адказу, ці змяніўся ўзровень шуму ў кватэры Вольгі Х. і ці парушаная гукаізаляцыя, дадзена не было.

“Экспертызу аплаціла яна сама і цяпер патрабуе, каб я кампенсавала тыя тры мільёны, — працягвае Зоя Пятроўна. — Таксама хоча спагнаць з мяне грошы за праезд. Цяпер суд прызначыў яшчэ і экспертызу, якая да крызісу каштавала больш за 12 мільёнаў. Усе гэтыя выдаткі могуць легчы на мае плечы”.

Вайной у судах канфлікт не абмежаваўся. Зоя Быцко згадала нядаўнюю гісторыю. Суседка Вольга Х. выклікала міліцыю з-за таго, што пачула гукі электраінструмента. Справа была ў выхадны дзень. Дачка Зоі Пятроўны замешвала будаўнічы раствор. За гэта ёй далі 10 базавых адзінак штрафу.

Зоя Быцко

Канфліктная суседка вядзе барацьбу і з іншымі жыхарамі пад’езда

Звязваемся непасрэдна з той самай Вольгай Х., якая судзіцца з Зояй Быцко. Цікавімся, чым менавіта ёй замінае суседская плітка. Але жанчына паставілася да журналіста з падазрэннем, нервова сказала, што нікому не дазволіць парушаць закон і скончыла размову.

Таму тэлефануем людзям, якія дзеляць з Вольгай Х. агульны тамбур. Высвятляем, ці добра яны ладзяць.

“Яна і з намі ваюе, — расказвае Еўрарадыё гаспадыня кватэры. — Яе ўсе баяцца. Ходзіць у ЖЭС і ў міліцыю як на працу. Ёй не дай Бог скажаш лішняе слова — яна і вас засудзіць. Будзьце пільныя!”

Жанчына тлумачыць, што падставай для апошніх прэтэнзій ад суседкі стаў трэці сабака, які жыве з імі ў кватэры. Яго з перабітай лапай падабралі і выхадзілі. Але трымаць больш за два сабакі ў кватэры, паводле законаў, забаронена. Гэтай нормай і скарысталася Вольга Х., калі паміж суседзямі здарыўся бытавы канфлікт.

“У яе цішыня грабавая. Звычайна нават тэлевізар не працуе. Яна такога ж патрабуе ад усіх, — наракае суседка Вольгі Х. — Прыедзеш на ліфце, яна выходзіць: “А чаго гэта вы тут ездзіце?" Ёй да ўсяго ёсць справа, і нічога з гэтым немагчыма зрабіць”.

Ці патрэбны сёння дазвол на ўкладку пліткі і ламінату?

У траўні 2013 года набыла моц пастанова, якая патрабавала для замены пакрыцця падлогі пісьмовага дазволу і праекта. Але Зоя Быцко паклала плітку яшчэ ў 2012 годзе. На той момант ніякіх спецыяльных дазволаў патрэбна не было. Нягледзячы на гэта, жанчына атрымала каласальныя праблемы.

Генадзь Аксціловіч, начальнік упраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян Мінжылкамгасу, тлумачыць, што сёння падчас працаў па мадэрнізацыі падлогі важна прытрымлівацца будаўнічых нормаў.

“Напрыклад, павінны быць праведзеныя шумаізалюючыя мерапрыемствы”, — удакладняе чыноўнік.

А так, ніякіх узгадненняў з боку ЖЭСаў і мясцовых выканаўчых камітэтаў не патрабуецца. Законы нядаўна зноўку змяніліся. Але, як бачыце, праблемы ўсё адно могуць узнікнуць на роўным месцы.

Генадзь Аксціловіч звяртае ўвагу, што рамонты выконваюцца ў шматкватэрным доме і ад іх залежыць пражыванне іншых жыхароў. Таму самы надзейны спосаб — гэта заключаць дамову з фірмамі, якія маюць сертыфікаты і даюць адпаведныя гарантыі.

Рыхтуецца закон, дзе прапісанае пакаранне “для тых, у каго скардзіцца — хобі”

Хто такая Вольга Х, якая змагаецца з суседзямі і бамбардзіруе дзяржаўныя ведамствы заявамі? Можа быць, яна сумленная грамадзянка, якая змагаецца з прабеламі ў беларускіх законах. А, магчыма, і так званая скаржніца, для якой весці няспынную дакументальна-бюракратычную вайну — гэта стыль жыцця.

Дарэчы, распрацаваны новы праект закона “Аб зваротах грамадзян”, у якім прапісаная адказнасць для “прафесійных скаржнікаў”. З праектам пазнаёмілася дэпутат Палаты прадстаўнікоў Наталля Кучынская. Яна тлумачыць Еўрарадыё, што і ў дзейным законе ёсць норма, паводле якой з заяўніка можна спагнаць грошы. Праўда, на практыцы гэты момант сёння спрацоўвае дрэнна.Таму ў закон ўносяцца дапаўненні. Калі звяртаешся ў адну і тую ж арганізацыю тры ці болей разоў цягам года і паведамляеш хлусню, то праз суд з цябе могуць спагнаць грошы. 

“У законапраекце ўдакладняюцца канкрэтныя расходы, якія з чалавека можна будзе ўтрымліваць, — тлумачыць дэпутат. — Напрыклад, гэта паштовыя і транспартныя расходы, сумы, патрачаныя на экспертаў. Мне здаецца, гэта дасць плён у барацьбе супраць тых, у каго скардзіцца — гэта хобі”.

Не бяромся судзіць Вольгу Х., якая змагаецца з суседзямі.

Аднак гісторыя з укладкай пліткі ў доме па вуліцы Мірашнічэнка паказвае, як недасканала сёння працуюць беларускія законы ў гэтай галіне.

[email protected]

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі