"Мінаблгаз" адмаўляецца плаціць кампенсацыю сваякам загінулых у Барысаве

"Мінаблгаз" адмаўляецца плаціць кампенсацыю сваякам загінулых у Барысаве

Прадпрыемства "Мінаблгаз" адмаўляецца плаціць матэрыяльную кампенсацыю сваякам шасці загінулых жыхароў Барысава. Пра гэта ў раённым судзе Барысава 6 студзеня заявіла прадстаўніца прадпрыемства Марына Кітаева. У "Мінаблгазе" лічаць, што іх супрацоўнікі не вінаватыя ў трагедыі, піша tut.by.

Як паведамлялася раней, у студзені 2016 года ў Барысаве ад атручэння чадным газам загінулі шэсць чалавек у дзвюх кватэрах. Пад суд трапілі слесары "Барысаўгаза" Аляксей Лукаш і Аляксандр Чысцякоў. Акрамя таго, чатыры сваякі загінулых выставілі пазовы абматэрыяльнай кампенсацыі да "Міаблгаза" — па 50 тысяч рублёў кожнаму.

Прадстаўніца "Мінаблгазу" заявіла, што няма прычынны-выніковай сувязі паміж смерцю людзей ад чаднага газу і дзеяння або бяздзеяння абвінавачаных. Па словах Марыны Кітаевай, смерць наступіла ад шэрагу прычын. Асноўнымі яна назвала перакульванне цягі, брудныя вентыляцыйныя краткі, а таксама неправетрыванне памяшкання, дзе працавала няспраўная газавая калонка. Паколькі віна слесараў не даказаная, то "Мінаблгаз" адмаўляецца выдаваць матэрыяльную кампенсацыю. Прадстаўніца прадпрыемства мяркуе, што ў трагедыі вінаватыя самі загінулыя.

На судзе высветлілася, што праблемы з газавай калонкай былі ў сям'і Балай, дзе ад чаду загінулі бацькі і двое іх дзяцей. Прычым праблемы пачаліся мінімум за паўгода да трагедыі: у маці і дачкі часта балела галава, і іх хіліла ў сон. Калонка ў гэтай кватэры перыядычна гасла сама па сабе.

Недзе за месяц да трагедыі ў кватэры выклікалі газавікоў. Іх праверка не выявіла ўцечкі газу. А праверыць калонку на чадны газ слесары не маглі, бо абсталяванне для гэтага ім выдалі толькі пасля трагедыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі