Мілінкевіч: Беларусь робіцца ізгоем

120125 Milinkevi4_site.mp3

Еўрарадыё: Ці задаволеныя вы такой рэзалюцыяй? Ці такой рэзалюцыі чакалі?

Мілінкевіч: Нават калі б я пісаў яе сам, лепей бы яе не напісаў – нічога не мог бы дадаць. Яна вельмі глыбокая, паслядоўная і цалкам улічвае інтарэсы беларускай дэмакратыі. Але нельга спадзявацца, што прынялі рэзалюцыю – і да нас прыйдзе свабода. Гэта проста жэст партнёрства, гэта салідарнасць Еўропы. Гэтым разам не толькі краіны Еўрасаюзу, якія вядома дэмакратычныя, але і большасць дэпутатаў з краін постсавецкіх прагаласавала. Гэта вельмі важна, таму што звужаецца кола краін, якія падтрымліваюць рэжым. Акрамя расійскіх дэпутатаў, ніхто не выступаў супраць рэзалюцыі.

Еўрарадыё: Дакумент цалкам падтрымлівае мэтавыя санкцыі ЕС, якія мусяць быць узмоцненыя, заклікае краіны Рады Еўропы далучыцца да іх, пакуль не вызваляць і не рэабілітуюць усіх палітычных зняволеных. Падкрэсліваюцца візавыя санкцыі.

Ці паўторыцца пасля гэтай рэзалюцыі сітуацыя з міністрам Куляшовым? Ён у “чорным спісе неўязных”, але ўсё ж такі ў Францыі пабываў…

Мілінкевіч: Я б не перабольшваў значэння выпадку з Куляшовым, таму што ёсць міжнародныя пагадненні і ёсць рашэнні ўраду. Калі міжнароднае пагадненне патрабуе, каб ён прыехаў – тое, што падпісаў урад становіцца ніжэй паводле юрыдычнага значэння. Мы ведаем, што ў ААН, у Амерыку, прыязджаюць людзі, якія ніяк не могуць прыязджаць, аднак амерыканцы вымушаны даваць ім візу, таму што тыя запрошаныя ў ААН. Я не бачу тут супярэчнасці, хаця, безумоўна, мы ведаем ролю Куляшова ў разгоне дэманстрацыі. Але тым разам парушэння міжнародных нормаў права не было.

Еўрарадыё: Паводле рэзалюцыі, ПАСЕ вельмі занепакоеная ўсё горшай сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі і сітуацыяй вакол грамадзянскай супольнасці. Як вы лічыце, ці паўплывае рэзалюцыя на беларускі рэжым?

Мілінкевіч: Рэжым будзе трымацца моцнай палітыкі, таму што для яго найважнейшае – падтрымаць атмасферу страху. Дубінкі яны разумеюць, а што такое кампраміс з Еўропай, што такое дэмакратызацыя – яны не хочуць ведаць. Таму я не лічу, што рэзалюцыя вырашыць адразу нашы праблемы. Але ўрад на чале з Лукашэнкам павінен зразумець, што ніякага адступлення ад прынцыпаў маралі, ад каштоўнасцяў еўрапейскіх не будзе. Нават Рада Еўропы – яе склад няпросты, у некаторых краінах у саміх не вельмі добра з дэмакратыяй – нават яны галасуюць за гэтую рэзалюцыю. Беларусь робіцца ізгоем, і ўрад адказвае за гэта, персанальна Лукашэнка адказвае за гэта. Таму, калі мы хочам прыйсці да цывілізаванага развіцця, мусім зрабіць першыя крокі, і першы крок – гэта вызваленне вязняў.

Еўрарадыё: Які наступны крок зробіць Еўропа ў падтрымку дэмакратычнай супольнасці Беларусі?

Мілінкевіч: Я думаю, што самы важны крок, акрамя канстатацыі фактаў (гэта вельмі важна!) – шырока падтрымліваць грамадзянскую супольнасць, дэмакратычныя настроі, праеўрапейскія настроі, незалежныя медыя… Калі гэта будзе зроблена, тады Беларусь пасля Лукашэнкі, пасля дыктатуры прыме рашэнні, якія вызначыць яе палітычны дэмакратычны лёс. Можа здарыцца, што не будзе дыктатуры, але не будзе і дэмакратыі. Таму самае галоўнае, каб грамадства было гатовае ахвяраваць многім дзеля рэформаў, дзеля пераходу да дэмакратычнага існавання.

Еўрарадыё: Вы ўжо звярнулі ўвагу на тое, што постсавецкія краіны, акрамя Расіі, падтрымалі рэзалюцыю. Дзіўна, што і Украіна падтрымала. Пра што гэта сведчыць? Ці Украіна ўжо абрала еўрапейскі шлях развіцця?

Мілінкевіч: Украіна – розная. Ёсць тая Украіна, што спрычынілася да з’яўлення палітвязня, і гэты палітвязень не проста вядомы чалавек, а былая прэм’ер-міністр. Гэта адна Украіна, але ёсць іншая Украіна – дэпутаты з самых розных фракцый. Ніводзін украінец не выступіў супраць рэзалюцыі. Таму я думаю, што нельга казаць, што калі Цімашэнка ў турме, то Украіна  - дыктатарская краіна. Тэндэнцыя развіцця да аўтарытарызму вельмі небяспечная, але ўсё ж такі ва Украіне праеўрапейскія настроі – вельмі моцныя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі