Медыцыне не вядома, як аднавіць чалавека пасля сінтэтычных псіхатропаў

З пачатку года пасля спажывання псіхатропных парашкоў і марак (кавалкаў паперы, прапітаных рэагентам) толькі ў Мінску загінулі 7 чалавек.

Сімптомы аднолькавыя ― людзі пасля спажываннярабіліся неадэкватнымі, руйнавалі ўсё навокал, крычалі. Потым здаралася аняменне канечнасцяў, знікалі дыханне і пульс… Апошні выпадак ― гібель 18-гадовага хлопца ў Серабранцы, які пасмактаў марку разам з 15-гадовай дзяўчынай. Пасля гэтага абодва скокнулі з шостага паверху.

Яны знаходзіліся ў стане эйфарыі. Малады чалавек прапанаваў даказаць каханне, і яны зрабілі крок у небыццё. Гэта ўсё нагадвае зводкі з баявых дзеянняў, ― не хавае эмоцый Дзмітрый Канаплянік, начальнік Упраўлення Следчага камітэта па Мінску. ― Таму сёння неабходная жорсткая праўда пра наркотыкі і наступствы спажывання, пра злачынствы, якія здзяйсняюцца ў стане наркатычнага ап’янення, пра жудасныя дэпрэсіі, пра шаленствы, пра смерці з-за перадазіровак. Напэўна, настаў час крычаць аб жаху псіхатропных рэчываў”.

У Следчым камітэце канстатуюць, што сінтэтычныя псіхатропы ― адна з найвастрэйшых праблем беларускага грамадства.

Хоць ні прадстаўнікі СК, ні спецыялісты з Мінздароўя не могуць назваць прыкладную лічбу, колькі спажыўцоў сінтэтычных псіхатропаў насамрэч сёння пакутуюць ад залежнасці.

І падумаць страшна, якая аграмадная гэта можа быць лічба! Каля пяці гадоў таму першыя курыльныя спайсы з’явіліся ў Беларусі. І ўжо тады прэсе стала вядома пра першыя выпадкі, калі, пакурыўшы раз, людзі траплялі ў псіхіятрычныя клінікі. Цягам гадоў звышнебяспечныя псіхатропы ў форме парашкоў, соляў, спайсаў і марак прадавалі пад выглядам так званай “легалкі”. І толькі ў гэтым годзе хутчэй за ўсё з’явіцца Міжведамасная антынаркатычная камісія, якая зможа забараняць любы самы новы сінтэтычны псіхатроп за лічаныя дні.

Паводле ўспамінаў наркаспажыўцоў, раней людзі пераважна здзяйснялі самазабойствы пасля спажывання парашкоў ці спайсаў. А масава гінуць пачалі пасля з’яўлення новых марак. Рэагент наносяць кустарным спосабам і часам перабольшчваюць. Людзі гінуць з-за павышанай канцэнтрацыі ці абсалютнай непадрыхтаванасці нармальнага чалавечага арганізму да псіхатропнага шоку.

“Загінулыя ― гэта маладыя людзі, якіх характарызуюць вельмі станоўча па месцах працы і вучобы. Знаёмыя і сваякі адзначаюць адсутнасць шкодных звычак і антысацыяльных паводзінаў”, ― кажа Дзмітрый Канаплянік

Спайсы, парашкі і маркі набылі папулярнасць не толькі таму, што іх гадамі можна было купляць як “легалку”. Кошт вельмі танны, а эфект ― выбуховы.

Еўрарадыё публікавала журналісцкае расследаванне, дзе мы паказалі праблему ― купіць псіхатропы лёгка і даволі танна, а аднаго грама можа хапіць на дзясяткі доз.

Еўрарадыё паспрабавала даведацца ў спецыялістаў са Следчага камітэта і медыкаў, які падыход падчас вайны з псіхатропамі будзе ужывацца да той арміі людзей, якія ўжо пакутуюць з-за вострай залежнасці ад сінтэтычных псіхатропаў. Але адказу на гэта пытанне не прагучала.

На жаль, спайсы, маркі і парашкі маюць куды большае руйнуючае ўздзеянне, чым небяспечныя традыцыйныя наркотыкі.

Вядомы беларускі псіхіятр-нарколаг Алег Айзберг патлумачыў, што медыцыне пакуль не вядомыя сродкі аднаўлення чалавека пасля працяглага спажывання сінтэтычных псіхатропаў:

Джон Уільям Хафман, вядомы прафесар-фармаколаг, параўнаў спажыванне дызайнерскіх наркотыкаў з рускай рулеткай. Таму што ўздзеянне іх не вельмі прадказальнае. І калі браць сінтэтычныя канабіноіды (тут гаворка вядзецца пра курыльныя сумесі "спайс", ― Еўрарадыё), то ў адрозненні ад прыродных, пры іх спажыванні вельмі хутка зніжаюцца найвышэйшыя мазгавыя функцыі. Пакутуе памяць, увага, здольнасць чалавека да абстрактнага мыслення. І нават калі чалавек перастае гэтыя рэчывы спажываць, гэтыя функцыі застаюцца зніжанымі незваротна. І на сёння ў нас няма ніякіх медыкаментозных сродкаў узнаўлення чалавека пасля таго, як ён працяглы час спажываў сінтэтычныя канабіноіды. Таму што самая першая ў свеце навуковая публікацыя пра шкоднасць дызайнерскіх наркотыкаў з’явілася толькі ў 2009 годзе”.

Што тычыцца апошніх "эйфарыйных парашкоў" і марак, іх навуковец проста называе смяротна небяспечнымі.

“Калі казаць пра сінтэтычныя псіхастымулятары і галюцынагены, то цяжкія наступствы могуць здарыцца нават пасля аднаразовага спажывання, ― падкрэслівае Алег Айзберг. ― Яны настолькі таксічныя, што могуць выклікаць такі псіхоз, што людзі ў літаральным сэнсе могуць скокнуць у акно”. 

Напэўна, многіх беларусаў сёння непакоіць пытанне, як зберагчы блізкіх ад псіхатропнага палону. Пакуль праваахоўнікі і медыкі раяць бацькам і настаўнікам быць пільнымі і кантраляваць дзяцей.  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі