Магілёўскі суд не змог выявіць, хто назваў апазіцыйную партыю “бандай”

Суддзя Ленінскага раённага суда Магілёва Андрэй Юрчанка адмовіўся пасылаць аўдыёзапіс інтэрв’ю на фонаскапічную экспертызу.

Начальнік магілёўскіх інтэрнатаў Павел Шышоў не прызнае таго, што абразіў сябра БСДП, і сцвярджае, што бандай “Грамаду” не называў.

 Нагодай для судовай спрэчкі стаў аўдыёрэпартаж карэспандэнта агенцтва БелаПАН пра тое, як з магілёўскага інтэрната высяляюць сацыял-дэмакрата Мікалая Залознага.

У аўдыёфайле чуваць, як падчас размовы з журналістам, Павел Шышоў называе актывіста Мікалая Залознага “удзельнікам банды”.

Сацыял-дэмакраты палічылі, што гэтае выказванне псуе іх дзелавую рэпутацыю і звярнуліся ў суд. Праз суд партыйцы хацелі дамагчыся, каб іх крыўднік Павел Шышоў публічна папрасіў прабачэння за паклёп у Мікалая Залознага і партыі.

Сам Шышоў у судзе засведчыў, што сапраўды яму нехта званіў па тэлефоне і пытаўся пра Мікалая Залознага. Аднак, асоба, якая тэлефанавала, не прадставілася і не паведаміла, з якога СМІ, таксама ён не быў папярэджаны пра запіс размовы. Праслухаўшы на судзе аўдыёінтэрв’ю Шышоў адзначыў, што выказванне ў запісе яму не належыць, і гэта проста мантаж. Гэта пацвердзіў і яго сведка, юрыст Гарбузаў, які, нібыта, прысутнічаў падчас дадзенай тэлефоннай размовы.

Каментуе прадстаўнік БСДП у судзе Ігар Барысаў:

 “Дадзенае рашэнне лічу палітычна матываваным. Суд стаў глухім і сляпым і адмовіўся бачыць і чуць відавочныя рэчы. Што трэба, каб даказаць нашу правату ў гэтай краіне пры цяперашнім рэжыме, я не ведаю. Рашэнне суддзі Юрчанкі будзем абскарджваць у вышэйшай інстанцыі”.

Прадстаўнік БСДП звяртае ўвагу на тое, што падчас суда яму было адмоўлена ў шэрагу хадайніцтваў: не былі праслуханыя рабочыя запісы журналіста Алеся Асіпцова, якія сталі асновай для аўдыёрэпартажа; не было адпраўлена на фонаскапічную экспертызу само інтэрв’ю, а таксама не было задаволена хадайніцтва аб адводзе суддзі і пракурора.

Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што суд фактычна абвінаваціў саміх істцоў:

Суд неабгрунтавана адмовіў істцам, сцвярджаючы, што БСДП і яе ўдзельнік Мікалай Залозны, нібыта, не падалі доказаў таго, што Шышоў публічна, падчас інтэрвю з ім сцвярджаў, што Мікалай Залозны ўваходзіць у склад бандыГрамада”. Фактычна, суд абвінаваціў істцоў у тым, у чым сам ім і адмовіў — у падачы доказаў у выглядзе праслухоўвання рабочага запісу інтэрв’ю і правядзення фонаскапічнай экспертызы аўдыёінтэрв’ю і рабочага запісу, які зрабіў журналіст”.

Прадстаўнік БСДП Ігар Барысаў кажа, што рабочы запіс размовы журналіста Алеся Асіпцова з Паўлам Шышовым быў яму перададзены яму ў зале суда. У бліжэйшы час ён збіраецца выкласці размову ў сацыяльных сетках.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі