Магілёўскі актывіст хоча пакараць міліцыянта, які з яго здзекаваўся

Магілёўскі актывіст хоча пакараць міліцыянта, які з яго здзекаваўся

Актывіста Партыі БНФ Аляксандра Шаўцова затрымлівалі ў жніўні на выбарчым пікеце за тое, што ён бараніў сцяг.

У Магілёве затрымалі зборшчыка подпісаў за Таццяну Караткевіч

Праваахоўнікі адмовіліся заводзіць справу за здзекі міліцыянта над сябрам Партыі БНФ Аляксандрам Шаўцовым і не дазваляюць актывісту азнаёміцца з матэрыяламі справы па якой яго затрымалі ў жніўні. Актывіст стаяў побач з выбарчым пікетам экс-кандыдатыкі ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч, калі туды пад’ехалі міліцыянты і спрабавалі зняць бел-чырвона-белы сцяг. Аляксандр вырашыў яго бараніць, аднак у выніку разам са сцягам патрапіў у пастарунак. Праваабаронца Барыс Бухель перакананы, што затрыманне Аляксандра Шаўцова было незаконным.


Падчас выбарчай кампаніі Аляксандр Шаўцоў быў затрыманы міліцыяй, калі стаяў побач з пікетам па зборы подпісаў у падтрымку кандыдата ў Прэзідэнты Таццяны Караткевіч. Затрыманы быў неабгрунтавана, бо ён не трымаў сцяг, а проста стаяў побач з пікетам. Калі міліцыя пад’ехала і пачала зрываць гэты сцяг, то ён спытаў, што адбываецца і чаму яны гэта робяць. З-за гэтага яго і затрымалі. Пасля таго, як яго даставілі ў апорны пункт, з яго здзекаваліся. З гэтай прычыны была пададзеная скарга ў пракуратуру, а пракуратура гэтую скаргу пераслала ў следчы камітэт. Скарга была на завядзенне справы ў сувязі са здзекамі”, — кажа Барыс Бухель.

Па словах самога актывіста, у пастарунку міліцыянты абражалі яго, абгарнулі ў сцяг і пачалі фатаграфаваць на мабільны тэлефон, а затым прымусілі адціскацца ад падлогі. Аляксандра Шаўцова вызвалілі толькі пасля разбіральніцтваў і візіту ў пастарунак Таццяны Караткевіч. Хлопцу вярнулі таксама і бел-чырвона-белы сцяг, а капітан міліцыі за дзеянні сваіх калег папрасіў прабачэння, адзначыўшы, што затрымліваць хлопца не было ніякіх падставаў. Фармальна ж свае дзеянні міліцыянты патлумачылі тым, што актывіста затрымалі, каб выявіць яго асобу, паколькі пры сабе ў Аляксандра не было пашпарту. Тым не менш, апазіцыянер хоча даведацца імя міліцыянта, які яго затрымліваў і здзекаваўся, а таксама прыцягнуць яго да адказнасці. Адпаведную скаргу Аляксандр Шаўцоў накіраваў у Магілёўскую пракуратуру, а тая пераслала яе ў Следчы камітэт, які ў сваю чаргу не дазволіў актывісту азнаёміцца з матэрыяламі справы, распавядае Шаўцоў.

На маю думку, Следчы камітэт не дае мне азнаёміцца з матэрыяламі маёй справы з-за таго, што яны хочуць схаваць міліцыянта, які мяне затрымліваў на пікеце. Бо падчас майго затрымання ён не прадставіўся, не прад’явіў ніякіх дакументаў, і цяпер яго хаваюць, каб ён пазбег адказнасці. Я лічу, што маё затрыманне было яго ўласнай ініцыятывай. Магчыма, ён хацеў выслужыцца перад сваімі начальнікамі, затрымліваючы апазіцыянера”.

Тым не менш, каб мець падставы для далейшага змагання за свае правы, актывісту неабходна азнаёміцца з матэрыяламі справы. Праваабаронца Барыс Бухель не выключае, што Аляксандру Шаўцову прыйдзецца звяртацца ў суд, каб праз яго атрымаць дазвол на тое, каб убачыць дакументы і пратаколы. Гэтым актывіст плануе заняцца ў бліжэйшы час.

Фота: svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі