Магіляўчанка скінула дзевяцімесячную ўнучку з пятага паверха

Магіляўчанка скінула дзевяцімесячную ўнучку з пятага паверха

У Магілёве Следчы камітэт правярае факт замаху на забойства малалетняга дзіцяці, піша БЕЛТА са спасылкай на афіцыйную прадстаўніцу УСК па Магілёўскай вобласці Аксану Салянюк.

Здарэнне адбылося 31 студзеня. У гурбе снегу пад вокнамі шматпавярховіка мінакі знайшлі 9-месячную дзяўчынку з нязначнымі цялеснымі пашкоджаннямі. На месца здарэння выклікалі следча-аператыўную групу і брыгаду медыкаў. Выявілася, што дзяўчынка выпала з акна кватэры на пятым паверсе, дзе яна пражывала разам з бацькамі і бабуляй. Нягледзячы на ​​падзенне з вышыні дзяўчынка засталася жывая. Яе шпіталізавалі ў Магілёўскую абласную дзіцячую лякарню.

Па звестках медыкаў, у дзіцяці няма сур'ёзных цялесных пашкоджанняў. Яна дагэтуль знаходзіцца ў шпіталі, яе стан ацэньваецца як нармальны, жыццю нічога не пагражае.

У кватэры, адкуль звалілася дзіця, праваахоўнікі пабачылі 49-гадовую бабулю. Яе затрымалі па падазрэнні ў тым, што яна вінаватая ў злачынстве. На яе пачалі справу за замах на забойства заведама малалетняга.

Па словах Салянюк, следчыя высвятляюць усе акалічнасці здарэння. Затрыманай жанчыне прызначылі псіхолага-псіхіятрычную і комплексную судова-медыцынскую экспертызы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі