Дэлегат сходу: “Заробкі выраслі. Не тое, каб моцна, але цярпець можна"

Дэлегат сходу: “Заробкі выраслі. Не тое, каб моцна, але цярпець можна"

Дэлегаты Усебеларускага сходу сабраліся 22 чэрвеня ў сталічным Палацы Рэспублікі, каб вызначыць, як мы ўсе будзем жыць наступныя 5 гадоў. Гэтак жа іх папярэднікі 5 гадоў таму, восенню 2010 года, планавалі жыццё краіны на пяцігодку. Таму, каб не псаваць людзям настрой, звяртаюся да іх са, здавалася б, прыемным пытаннем: “Што да лепшага змянілася ў нашым жыцці за апошнія 5 гадоў?”

Першымі на шляху трапляюцца настаўніца геаграфіі Алена Сакалоўская і медсястра Алена Шумер з Брэста.

“Мяне як настаўніка геаграфіі радуе тое, што палепшылася дэмаграфічная сітуацыя, павялічылася колькасць сем’яў шматдзетных”, — радасна адказвае Алена Сакалоўская.

“Палепшылася здароўе нашага насельніцтва, — гэтак жа радасна падхоплівае Алена Шумер. – У нас з’явілася новае, высокатэхналагічнае абсталяванне. І мы ўсе імкнёмся палепшыць наша жыццё! Ну, не ведаю, што яшчэ”…

“А я хачу яшчэ адзначыць, — вырашае не адпускаць мяне настаўніца геаграфіі, — Я хачу звярнуць увагу на той факт, што мы тут збіраемся і шмат якія актуальныя праблемы, якія будзе вырашаць наш вось гэты вось збор, ён… ён адлюстроўвае менавіта сучасны час. Вось, да прыкладу для адукацыі самым актуальным з’яўляецца інфарматызацыя. І, канешне, гэта ўжо адлюстравана ў нашых школах. Я, да прыкладу як географ не мыслю сучасную школу без інтэрактыўнай дошкі, дзе можна вельмі хутка, мабільна паказаць дзецям увесь свет. Сёння гэта – адлюстраванне 21 стагоддзя, вось!”

Развітваюся з гаваркімі брэстаўчанкамі і задаю тое ж пытанне Анатолю Храбковічу з Магілёва.

“Стала больш спакойна ў краіне… чысцей… народ ведае, што робіць. У прынцыпе, у нас ва ўсіх галінах больш-менш нармальна ўсё. Зараз праблемы з эканомікай. Крыху эканамічныя праблемы вырашыць і – усё будзе!”, — адказвае дэлегат.

На лесвіцы лаўлю маладога хлопца Андрэя са Жлобіна

“Што лепш стала? – перапытвае мяне. – Ну… Не ведаю нават! А што горш стала, можна сказаць? Падаражэў праезд у транспарце і… менш надаецца ўвагі спорту – асабліва футболу. У асноўным увага хакею, і гэта дрэнна”.

Крыху губляецца, адказваючы на такое, здавалася б, лёгкае пытанне, курсант ваеннай акадэміі Ілья Юруць:

“На мой погляд, у краіне адбылося шмат зменаў у лепшы бок: рэалізуецца моладзевая палітыка, патрыятычнае выхаванне моладзі і забеспячэнне міру, спакою, стабільнасці ў нашай дзяржаве. Жывучы ў стабільнай, незалежнай краіне магчымыя далейшыя змены ў лепшы бок”, — хвалюючыся адказвае курсант.

Еўрарадыё: Карацей, ты, як чалавек ваенны, галоўным лічыш…

“…мір і спакой, канешне!”, — з палёгкай завяршае мой сказ хлопец.

Але не толькі маладыя дэлегаты губляюцца ад пытання.

“Вой! Мне гаварыць дык гэта!.. – спрабуе ўхіліцца ад размовы механізатар з Гомельскай вобласці Аляксандр Аляксеевіч. – Ну, напэўна ж змянілася… У лепшы бок, напэўна, змянілася. Не любіцель я гаварыць. Работу я работаю, а гэта ўсё”…

Еўрарадыё: Ну, вы ж ведаеце, што для вас канкрэтна ў лепшы бок змянілася? Заробкі можа выраслі?

Аляксандр Аляксеевіч: А як жа – заробкі канешне выраслі!

Еўрарадыё: Як жа так – ва ўсіх падаюць, а ў вас растуць?!

Аляксандр Аляксеевіч: Не, ну як… Не тое, каб моцна, але цярпець можна…

Падыходжу да двух жанчын. Мае суразмоўцы — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы ў Магілёўскім раёне Наталля Тарасенка і Галіна Ціцянкова – дырэктар беларуска-балгарскага прадпрыемства. Ну, а яны якія змены ў лепшы бок заўважаюць?

“Людзі сталі жыць лепш, сапраўды багацей: паглядзіце, колькі аўтамабіляў у нашым горадзе – сапраўды няма месца для паркоўкі. Магчымасцяў больш – лёгка вучыцца, лёгка працаўладкавацца”, — лёгка адказвае на маё пытанне Галіна Ціцянкова, але адказам нават здзіўляе.

Еўрарадыё: Але ж зараз усе кажуць, што заробкі зніжаюцца, беспрацоўе расце?..

Галіна Ціцянкова: “Ну, то, хто хоча працаваць, працу знойдзе заўжды. Гэта першае. Ну, а беспрацоўе — гэта часам зусім не тое, што мы маем на ўвазе. Беспрацоўе – гэта калі няма працы, а чалавек хоча працаваць”.

“А ў нас у краіне працай, фактычна, забяспечаныя ўсе, — падтрымлівае калегу Наталля Тарасенка.Хто жадае працаваць – той працуе, у нас вельмі вялікі сацыяльны пакет, нашы дзеці маюць магчымасць бясплатна вучыцца. Атрымліваць вышэйшую адукацыю. Ну, цэлы пакет. У нас вельмі вялікая нараджальнасць за гэтыя чатыры гады. А людзі нараджаюць там, дзе ёсць нейкая стабільнасць, правільна?”

У прынцыпе, пад лозунгам пра стабільнасць, мір і пэўныя эканамічныя праблемы і прайшоў першы дзень Усебеларускага сходу. 23 чэрвеня ён працягне сваю працу.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі