Лёнік Тарасевіч: Я з нейкім жахам гляджу, што ёсць яшчэ нейкая мяжа

Лёнік Тарасевіч: Я з нейкім жахам гляджу, што ёсць яшчэ нейкая мяжа

Беларускі мастак Лёнік Тарасевіч, які жыве на Беласточчыне ў Польшчы, атрымаў прэмію імя Ежы Гедройца. Калі беларуская ўзнагарода Гедройца — гэта літаратурная прэмія, то ў Польшчы існуюць дзве такія ўзнагароды — польскай газеты “Rzeczpospolita” і ўніверсітэту Марыі Кюры-Складоўскай. Імі ўзнагароджваюць за працяг місіі польскага культурнага і палітычнага дзеяча Ежы Гедройца па аб’яднанні народаў колішняга Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай у супольны праект.

Ці магчымы такі альянс Беларусі, Літвы, Польшчы ды Украіны, Еўрарадыё спыталася ў лаўрэата прэміі газеты “Rzeczpospolita” Лёніка Тарасевіча.

Тарасевіч: “Ідэя такая існуе. Вялікае Княства Літоўскае ўжо было такім праектам. На сённяшні час усё залежыць ад спраў палітычных, палітыкі дзяржаў, якія ў гэтым зацікаўленыя. Усё магчыма, але патрэбныя грошы, людзі і дзяржавы, якія б хацелі гэта зрабіць”.

Мастак лічыць, што інтэлектуальныя і гаспадарчыя межы паміж Беларуссю і Польшчай ужо не існуюць, справа толькі ў палітычным падзеле.

Тарасевіч: “З 1980-1990 гадоў сувязі былі ўжо вельмі блізкія. “Басовішча” іх яшчэ ўзмацніла. На сённяшні час я з нейкім жахам гляджу, што ёсць яшчэ нейкая мяжа. Бо калі гаворка вядзецца пра інтэлектуальны свет, для нас, мастакоў, людзей літаратуры і музыкі, гэта мяжа штучная, яна не існуе. Думаю, што ў форме гаспадарчай і інтэлектуальнай мяжы няма, яна ёсць толькі ў форме палітычнай”.

Ежы Гедройц больш за поўстагоддзя выдаваў ў Парыжы штомесячнік “Культура”, які стаў сімвалам інтэлектуальнай барацьбы з камунізмам і падзеламі ў Еўропе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі