Лябедзька: Шагал мусіць сустракацца не з палітыкамі, а з палітвязнямі

Аб’яднаная грамадзянская партыя адмовілася накіроўваць свайго прадстаўніка на сустрэчу з амбасадарам Ізраіля Іосіфам Шагалам. Такое рашэнне было прынятае позна вечарам 13 лютага напярэдадні сустрэчы дыпламата з лідарамі беларускай апазіцыі.



Пра гэта Еўрарадыё паведаміў старшыня АГП Анатоль Лябедзька.



Лябедзька: “Гэта ўжо не першае яго выказванне такога кшталту. І самае лепшае, што ў гэтай сітуацыі можна было б зрабіць, амбасадару — гэта паклікаць не палітыкаў, а родных і блізкіх палітычных вязняў, на калені ўпасці і сказаць: “Прабачце мяне!”



На думку Лябедзькі, сустрэча з лідарамі апазіцыі будзе толькі спробай перавесці канфлікт, выкліканы выказваннем ізраільскага амбасадара, у стадыю “затухання”. Маўляў, гэта журналісты ўсё не так зразумелі і няправільна перадалі слова Шагала. Нагадаем, што ў інтэрв’ю ізраільскаму тэлеканалу RTVI Шагал заявіў, што ў Беларусі няма палітвязняў, а ёсць крымінальнікі — людзі, асуджаныя паводле крымінальных артыкулаў.



Апроч таго, 13 лютага беларускія палітыкі склалі ліст да ізраільскага прэм’ер-міністра Беньяміна Нетаньяху, паведамляе Лябедзька.



Лябедзька: “Нам трэба высветліць: гэта ёсць асабісты погляд чалавека па прозвішчы Іосіф Шагал ці гэта ёсць афіцыйная пазіцыя урада Ізраіля. Гэта першае, што нас цікавіць”.



Суразмоўца Еўрарадыё спадзяецца, што ўлады Ізраіля адмяжуюцца ад выказванняў свайго амбасадара ў Беларусі. А ў такім выпадку, кажа Лябедзька, будзе лагічным патрабаваць ад МЗС Ізраілю, каб яны замянілі Іосіфа Шагала на іншага дыпламата.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі