Лябедзька атрымаў позву ў суд за акцыю салідарнасці з Charlie Hebdo

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька раніцай 30 студзеня атрымаў позву ў суд. 4 лютага ў Цэнтральным судзе будуць разглядаць адміністратыўную справу ў дачыненні ўдзельнікаў акцыі салідарнасці з загінулымі журналістамі французскага гумарыстычнага часопісу Charlie Hebdo. Акцыя прайшла 11 студзеня каля амбасады Францыі ў Мінску.

“У гэтым выпадку для ўлады гэта не вельмі прыемная сітуацыя, улады самім сабе даюць адлуп. Учора Лукашэнка назваў ідыётамі тых, хто затрымліваў нас за гэту акцыю, — адзначыў палітык у інтэрв’ю БелаПАН. — З аднаго боку, цяпер тут на кану рэпутацыя самога Лукашэнкі, з іншага боку, гэта ўдар па яго ж кадрах”.

За удзел у акцыі ля французскай амбасады адміністратыўныя пратаколы склалі на старшыню АГП Анатоля Лябедзьку, а таксама на былога галоўнага рэдактара газеты “Навінкі” Паўла Канавальчыка і намесніка старшыні Беларускай партыі “Зялёныя” Дзмітрыя Кучука.

На прэс-канферэнцыі 29 студзеня Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў разабрацца з затрыманнем у Мінску ля амбасады Францыі людзей з плакатамі “Я Шарлі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі