Лукашэнка заявіў, што за яго вылучэнне сабралі подпісаў "пад 200 тысяч"
"Але спыняцца не трэба", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
25 траўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што за яго вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Беларусі сабралі "дастатковую колькасць" подпісаў — "пад 200 тысяч". "Але спыняцца не трэба", — цытуе словы кіраўніка дзяржавы на нарадзе БЕЛТА. На ёй прысутнічалі старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка, кіраўнік справамі прэзідэнта Віктар Шэйман і кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда.
Як вядома, збор подпісаў стартаваў 21 траўня. Атрымліваецца, што штодня за Лукашэнку збіралася амаль па 50 тысяч — вялізная лічба. Подпісы можна збіраць да 19 чэрвеня. Цікава, на якой лічбе вырашыць спыніцца ініцыятыўная група кіраўніка дзяржавы?
"Мне дакладаюць і пра тое, як ідзе гэты палітычны перадвыбарчы працэс", — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, ён меў "шмат праблем", якія трэба было вырашаць і таму "неяк адышоў... ад перадвыбарчай кампаніі". І цяпер яму "цяжка будзе ўключыцца ў гэты перадвыбарчы працэс".
Лукашэнка даручыў перадаць усім службовым асобам у краіне пасыл: "Мы здаем [народу] экзамен... І не толькі я, усе мы... І мы павінны паказаць сваю здольнасць кіраваць дзяржавай". А людзі "павінны зрабіць адпаведныя высновы", мяркуе кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка згадаў "альтэрнатыўных кандыдатаў" — што людзі павінны параўнаць яго праграму з іх праграмамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.