Лукашэнка заявіў, што найбольш наркотыкаў у Беларусь прывозяць з Расіі

Лукашэнка заявіў, што найбольш наркотыкаў у Беларусь прывозяць з Расіі

Найбольш наркотыкаў у Беларусь прывозяць з Расіі. Такую заяву зрабіў у пятніцу, 8 красавіка, Аляксандр Лукашэнка. З яго ўдзелам прайшла нарада, прысвечаная супрацьдзеянню незаконнаму абароту наркотыкаў.

Лукашэнка: "Я не буду хаваць, найбольш наркотыкаў у Беларусь паступае з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Пры гэтым у разы больш, чым з суседніх дзяржаў. Мы гэта не проста фіксуем, мы забіраем адпаведнае зелле ў наркаманаў і дакладна разумеем, адкуль усё гэта".

На нарадзе таксама было паведамлена, што сітуацыю на самых пагрозлівых накірунках удалося пераламіць. І ўсё дзякуючы прынятым у нашай краіне сістэмным мерам у сферы супрацьдзеяння распаўсюду наркотыкаў. "Гэта выбіла ў наркадзяльцоў глебу з-пад ног у пытаннях вырабу зелля, у прыватнасці з насення маку. Пастаўлены заслон распаўсюджванню спайсаў, што выратавала не адно маладое жыццё", — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што супакойвацца зарана, наркапагроза застаецца. У тым, што Беларусь — транзітная краіна, ёсць плюсы і мінусы. Лукашэнка згадаў на нарадзе, што за два гады ў нашай краіне ад перадазіровак памерлі 80 чалавек. Гэта ў сваёй большасці маладыя людзі, якія сталі ахвярамі спайсаў. Раней кіраўнік Беларусі даваў даручэнне стварыць у месцах пазбаўлення волі для вінаватых у нарказлачынствах "найбольш жорсткія ўмовы". На нарадзе яму мусілі паведаміць пра вынікі гэтай работы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі