Лукашэнка супраць рэформаў у адукацыі: Трэба даць нармальныя падручнікі школам

Лукашэнка супраць рэформаў у адукацыі: Трэба даць нармальныя падручнікі школам

9 жніўня кіраўнік Беларусі заслухаў даклад аб прыёмнай кампаніі ды падрыхтоўцы сістэмы адукацыі да новага 2016/2017 навучальнага года. Аляксандр Лукашэнка выказаўся рэзка супраць рэформаў у адукацыі. На яго думку, больш важна даць школьнікам нармальныя падручнікі.

"Хопіць гэтых рэформаў у адукацыі — трэба ўдасканальваць тое, што ёсць. Трэба даць нармальныя падручнікі, перш за ўсё падручнікі гісторыі ў школы, каб дзеці разумелі, што адбывалася ўчора ў нашай краіне. Погляд у мінулае — гэта погляд у будучыню. Не мне вас вучыць. А мы пачынаем займацца не тымі пытаннямі, якія сёння надзённыя, злабадзённыя для нашай сістэмы адукацыі", — цытуе БЕЛТА словы кіраўніка дзяржавы.

Лукашэнка заявіў, што Беларусь адзіная ў былым сацыялістычным лагеры, хто не разбурыў старую сістэму адукацыі, і гэта дае добры плён.

Таксама ён лічыць, што ўсе дзеці павінны навучацца ў роўных умовах і выглядаць у школе аднолькава: "Яны павінны быць апранутыя як усе. Ёсць найбяднейшыя пласты насельніцтва, ёсць сярэднія, багатыя і гэтак далей, але дзеці ў гэтым не вінаватыя. Яны павінны быць апранутыя і падрыхтаваныя: партфелі, заплечнікі ды іншае, што неабходна, ад пластыліну і алоўкаў да адзення, — усё павінна быць аднолькава".

Кіраўнік Беларусі таксама выказаўся наконт неабходнасці павысіць статус і заробак настаўніка. У іншым разе дзяржава страціць свае найлепшыя кадры. Ён нагадае, што на настаўніках ляжыць вялікая палітычная нагрузка — у прыватнасці, праца на выбарах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі