Лукашэнка: пэўныя сілы спрабуюць прыціснуць Зяленскага, а Еўропа маўчыць

Лукашэнка: пэўныя сілы спрабуюць прыціснуць Зяленскага, а Еўропа маўчыць

8 кастрычніка на міжнародным форуме "Мінскі дыялог" Аляксандр Лукашэнка выступіў з крытыкай еўрапейскіх лідараў за іх "бяздзейнасць" ва ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе. Як інфармавала Еўрарадыё, ён заявіў, што там адбываецца канфлікт Расіі і Украіны. Пазней прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў сказаў, што Масква не была і не будзе бокам супрацьстаяння на Данбасе.

"Украінскі канфлікт — гэта не проста нам выклік. Украінскі канфлікт патрабуе ад нас яго вырашэння, — гаварыў у сваім выступе Лукашэнка. — Калі мы яго вырашым, значыць мы на нешта здольныя. Калі не — ну будзем збірацца і размаўляць. Не ў Мінску, дык у Маскве, не ў Маскве — у Парыжы, у Берліне, ці яшчэ дзесьці. А толку будзе мала".

Беларускі кіраўнік адзначыў прагрэс, які апошнім часам назіраецца ў справе ўрэгулявання канфлікту на ўсходзе Украіны. Але аптымізму ў яго не шмат.

"Калі хтосьці думае, лёд крануўся, не. Ён не крануўся і не кранецца, калі мы не падштурхнем", — гаварыў Лукашэнка. Ён эмацыйна выказаўся пра сітуацыю, у якой апынуўся ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

Лукашэнка: "...Зяленскага... загрузілі гэтым страшным грузам і яго праблемамі, пакінулі сам на сам з гэтымі праблемамі. Вы бачыце, што адбываецца ў Кіеве (вулічныя акцыі пратэсту супраць "капітуляцыі" — Еўрарадыё). Там без разбору выкарыстоўваюць пэўныя сілы гэты працэс, каб увогуле прыціснуць новую ўладу і новага прэзідэнта. І Еўропа маўчыць! Вы ведаеце, пра каго я кажу. Ні з Усходу, ні з Захаду [няма рэакцыі]. Толькі камяні кідаюць на адрас гэтага маладога чалавека... Кожны ва ўласных інтарэсах. Ды прачніцеся вы ў рэшце рэшт! Вайна не толькі ва Украіне, вайна ў нас, у нашым доме. І вырашаць гэтую праблему нам!".

Калі "страцім Зяленскага", атрымаем ва Украіне такую ўладу, з якой цяжка будзе дамаўляцца, папярэдзіў Лукашэнка. Кіраўнік Беларусі заявіў, што еўрапейскія лідары даўно мусілі сабрацца і прыняць рашэнне па Данбасе. Але ў яго ёсць сумненні, што яны гэтага хочуць.
 
Лукашэнка: "Я быў у гэтым працэсе і ведаю, як гэта вырашаецца. Кожны стараецца набраць там сабе палітычныя ачкі. На чым? На гібелі старых і дзяцей?! Там жа адны старыя і дзеці засталіся! Усе, хто мог збегчы, з'ехаць, адтуль [з Данбаса] збеглі... Трэба вырашаць гэтую праблему. Тады вось гэтыя дыялогі будуць мець нейкае значэнне. І гэта адкрые шлях да правядзення пасля працяглага перапынку сустрэчы ў нармандскім фармаце. Разлічваем, што вынікам будуць цвёрдыя гарантыі запуска дакладнага механізму кантроля за выкананнем існуючых дамоўленасцяў. Пры гэтым я свайго меркавання не хаваю: без удзелу Злучаных Штатаў Амерыкі канфлікт ва Украіне ўрэгуляваць не атрымаецца".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі