Лукашэнка патрабуе развіваць у Беларусі авечкагадоўлю

Лукашэнка патрабуе развіваць у Беларусі авечкагадоўлю

Аляксандр Лукашэнка патрабуе развіваць у Беларусі авечкагадоўлю і мяркуе, што гэта запатрабаваны кірунак сельскай гаспадаркі. Пра гэта кіраўнік краіны заявіў 11 чэрвеня, робячы кадравыя прызначэнні для мясцовых органаў улады.

"Мне ўрад піша — ну, проста брыдка чытаць. Добра я б не разумеў у гэтым нічога: можна было б адпіску гэтую трываць. Да 2025 года яны дададуць 133% авечак. Гэта значыць авечкагадоўля будзе ў нас, мы будзем авечак разводзіць. Гэта воўна, гэта аўчына, гэта бараніна. Нібы на рынку запатрабавана. Ну, карацей, будзем разводзіць гэтых авечак. Так, а што такое 33% да 2025 года? Гэта сёння адна авечка, а заўтра будзе адна і тры дзясятыя авечкі. Ну што гэта за тэмпы?" — абурыўся Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што за працу трэба брацца сур'ёзна, тым больш у гэтым напрамку ёсць перспектывы.

"Паглядзіце, колькі ўгоддзяў у нас пустуе, нават у Магілёўскай вобласці. Я не кажу ніжэй, на Прыпяці, да цэнтра, на захадзе, Нёман, Прыпяць. Поймы не занятыя. Часам ляціш — шкада становіцца пустуючых земляў. Недзе бліжэй да поймаў можам будаваць лёгкія навесы і ўтрымліваць гэтых авечак", — цытуе кіраўніка Беларусі яго прэс-служба.

Пры гэтым Лукашэнка заяўляе, што сам займаецца авечкагадоўляй і на ўласным досведзе ведае гэтую справу.

"У мяне іх, напэўна, цяпер штук пяцьдзясят. Раздаю людзям, дзяваць няма куды. Якія там выдаткі? Раніцай пойдзеш, накосіш за паўгадзіны травы, завязеш — і ім досыць. На пашу ходзяць ці ў лясок запусціў іх, яны ў гэтым лесе сядзяць у спёку", — падзяліўся ён метадамі развіцця цэлай галіны ў сельскай гаспадарцы.


 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі