Лукашэнка: Каб пашырыць пастаўкі за мяжу, мне давялося аб'ехаць увесь свет

Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў 4 лютага падчас даклада аб праблемных пытаннях развіцця прамысловага комплексу, перадае БЕЛТА. На нарадзе ён канстатаваў рост знешняй дэбіторскай запазычанасці, зніжэнне экспартных паставак, дрэнны фінансавы стан прамысловых прадпрыемстваў. Лукашэнка падкрэсліў, што мэтай сённяшняй сустрэчы з'яўляецца аналіз таго, як выконваюцца даручэнні і прынятыя прысутнымі абавязанні ды абяцанні.



"Урад дакладвае, што сітуацыя з запасамі прадукцыі стала паляпшацца, нібыта наступіў пералом", — заўважыў кіраўнік Беларусі. У той жа час, паводле яго слоў, статыстыка паказвае, што аб'ём прамысловай вытворчасці знізіўся амаль на 5%, вырасла знешняя дэбіторская запазычанасць, назапашваюцца даўгі за вырабленую і неаплачаную прадукцыю. У цэлым па прамысловасці яны дасягнулі 118 трыльёнаў рублёў, што складае больш за два сярэднямесячныя аб'ёмы вытворчасці.



Лукашэнка заявіў: "Мы па-ранейшаму крэдытуем замежных партнёраў. А недахоп сродкаў на бягучую дзейнасць забіраем з нашай банкаўскай сістэмы і потым стогнем, што ў нас дарагія крэдыты".



Ён выказаў заклапочанасць зніжэннем экспартных паставак. Урад па словах Лукашэнкі, павінен быць вялікім міністэрствам гандлю. "Каб пашырыць нашы пастаўкі за мяжу (у Кітай, Венесуэлу, Эквадор, іншыя краіны) мне давялося аб'ездзіць і прыняць у сябе ў Мінску, як гаворыцца, увесь свет. Сустракацца як з кіраўніцтвам, так і дзелавымі коламі многіх дзяржаў, тым самым ствараючы спрыяльныя ўмовы для паспяховай працы ў розных рэгіёнах планеты. Павінен сказаць, што адмаўлення паставак нашай прадукцыі я нідзе не заўважыў. Нават цікавасць, зацікаўленасць", — заявіў кіраўнік Беларусі.



Лукашэнка звярнуў увагу на дрэнны фінансавы стан прамысловых прадпрыемстваў. Так, паводле яго слоў, чысты прыбытак скараціўся амаль удвая, колькасць стратных прадпрыемстваў павялічылася ў 1,8 раза і склала больш за 17%, сумарная чыстая страта вырасла ў 2,6 раза да 4,5 трлн рублёў. Захоўваюцца і значныя звышнарматыўныя рэшткі гатовай прадукцыі на складах. Пры гэтым на шэрагу валаўтваральных прадпрыемстваў яны фактычна не зніжаюцца.



Фота — БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі