Лукашэнка хоча далейшай нармалізацыі адносінаў з Еўрасаюзам

Лукашэнка хоча далейшай нармалізацыі адносінаў з Еўрасаюзам

Аляксандр Лукашэнка лічыць важным поўную нармалізацыю адносін і паглыбленне супрацоўніцтва з Еўрасаюзам з улікам нацыянальных інтарэсаў. Гаворка пра гэта вялася 5 красавіка на нарадзе па пытаннях беларуска-еўрапейскіх адносін.

Па словах кіраўніка дзяржавы, якія перадае яго прэс-служба, гаворка тут ідзе пра "ўмацаванне дзяржаўнага суверэнітэту і незалежнасці, бяспекі і стабільнасці Беларусі".

Лукашэнка згадаў лютаўскую адмену санкцыяў Еўрасаюза. "Гэты крок ясна сведчыць пра гатоўнасць ЕС і яго краін-чальцоў да актывізацыі прагматычнага супрацоўніцтва з Беларуссю. Гэта нас абсалютна задавальняе. Я ўжо казаў, сустракаючыся з прадстаўнікамі Злучаных Штатаў, што палітызаванасць (тым больш залішняя) тых працэсаў, якія не павінны быць палітызаваныя, нам абсалютна не патрэбная. Нам патрэбна прагматычнасць адносін", — заявіў беларускі кіраўнік.

На яго думку, для Беларусі непрымальна, каб партнёры ў ЕС або ЗША ставілі яе перад выбарам, развіваць адносіны з Захадам ці Расіяй. Лукашэнка мяркуе, што нарэшце ўсе зразумелі, што Еўрасаюзу патрэбная Беларусь менавіта са шматвектарнай палітыкай. "Але рускія — нашыя браты, падабаецца камусьці або не, і нашы адносіны павінны быць з імі адпаведнымі", — цытуе БЕЛТА словы Лукашэнкі.

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў вызначыць, па якіх найбольш выгадных напрамках рухацца наперад у адносінах з ЕС. Па яго словах, перш за ўсё гэта датычыць гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай, фінансавай сфер, а таксама арганізацыі сумеснага процідзеяння трансгранічным пагрозам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі