Лукашэнка: Для мяне вельмі важны любы від спорту — ад хакея да шахматаў

Лукашэнка: Для мяне вельмі важны любы від спорту — ад хакея да шахматаў

29 студзеня Аляксандр Лукашэнка ў Мінску сустрэўся з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі шахмат (ФІДЭ) Аркадзем Дварковічам. Як паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, на сустрэчы абмяркоўваліся пытанні развіцця ў Беларусі шахматнага спорту і правядзенне 45-й Сусветнай шахматнай алімпіяды. 

Лукашэнка заявіў, што лічыць шахматы важным відам спорту: "Я чалавек "усяедны": для мяне вельмі важны любы від спорту, пачынаючы ад хакея і фігурнага катання і заканчваючы шахматамі. Тым больш так здарылася, што Беларусь — гэта, можна сказаць, адна з магутных шахматных дзяржаў, і школа ў нас заўсёды была прыстойная". 

Беларускі кіраўнік павіншаваў Дварковіча з абраннем на пасаду прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі шахматаў. Гэтую пасаду ён заняў у кастрычніку 2018 года. "Груба кажучы, усё ж такі свой чалавек, ды яшчэ і кіраўнік федэрацыі — гэта вельмі важна для нас. Ёсць пра што пагаварыць", — пракаментаваў Лукашэнка. 

Нагадаем, што раней Дварковіч займаў пасаду віцэ-прэм'ера ў расійскім урадзе і курыраваў нафтагазавую галіну. Менавіта гэтая сфера найчасцей станавілася праблемнай у беларуска-расійскіх адносінах.

Таксама стала вядома, што сёння Беларусь і Міжнародная федэрацыя шахматаў падпісалі кантракт на правядзенне Сусветнай шахматнай алімпіяды 2022 года ў Мінску. Разам з ім былі падпісаныя дакументы на Кубак свету па шахматах сярод жанчын у 2020 годзе, Кубак свету па шахматах сярод мужчын ў 2021-м і кангрэс ФІДЭ ў 2022 годзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі