Лукашэнка дарыць кнігі Алексіевіч ад свайго імя і абураецца ад яе словаў

Лукашэнка дарыць кнігі Алексіевіч ад свайго імя і абураецца ад яе словаў

23-га кастрычніка, у пятніцу, кіраўнік краіны садзіць дрэва міру і ўстойлівага развіцця разам з прадстаўнікамі дыпмісій. У размове з амбасадарам Швецыі Марцінам Обергам, які віншуе Лукашэнку і Беларусь з Нобелеўскай прэміяй, прэзідэнт прызнаецца, што ўзнагарода разварушыла нашу грамадскасць і практычна адкрыла для яго пісьменніцу Святлану Алексіевіч:


"Усе пачалі думаць, гэтая Нобелеўская прэмія, а што гэта такое, як там Лукашэнка да гэтага паставіцца? Вы ведаеце, калі б вы не прысвоілі, паміж намі кажучы, Нобелеўскую прэмію, то я б і не ведаў яе так. Кажуць, яна апазіцыянерка нейкая, а я не чуў пра гэта. Таму вы не слухайце што там, апазіцыянерка — не апазіцыянерка. Ніякая яна не апазіцыянерка. У яе ёсць сваё меркаванне. Яно было і ў савецкія часы гэтае меркаванне. Ну, кожны чалавек мае права меркаванне гэтае мець пры сабе і выказваць. Ну яна на барыкады нікога не клікала..."


Напрыканцы размовы з Обергам, які кажа, што самому трэба яшчэ пачытаць Алексіевіч, Лукашэнка просіць ад свайго імя падарыць паслу апошняе выданне твораў пісьменніцы.

На наступны дзень, у суботу, 24 кастрычніка, Аляксандр Лукашэнка зноў узгадвае Нобелеўскую лаўрэатку. Толькі цяпер, падчас уручэння ордэна Францыска Скарыны расійскаму кампазітару-папсавіку Віктару Дробышу, з вуснаў прэзідэнта Беларусі гучаць зусім іншыя словы пра Алексіевіч:

"Не паспелі яшчэ атрымаць (Нобелеўскую прэмію, — Еўрарадыё), выехалі за межы краіны і пастараліся цэбар бруду выліць на сваю краіну. Гэта няправільна. Гэта не апазіцыйнасць. Таму што Радзіму, сваю зямлю, як і сваіх бацькоў, сваю маці не выбіраюць. Яна такая, якая яна ёсць. Калі ты кепска кажаш пра Радзіму, саромеешся яе, значыць, ты, перш за ўсё дрэнны сын".
 

Адказу Святланы Алексіевіч на спіч Лукашэнкі доўга чакаць не даводзіцца. У інтэрв'ю расійскай радыёстанцыі "Говорит Москва" пісьменніца тлумачыць, што ніколі не крытыкуе беларускі народ, а толькі палітычныя крокі яго кіраўніка. Алексіевіч прызнаецца, што абрадавалася віншаванню Лукашэнкі з прэміяй Нобеля, "падумала, што ён усё ж такі палітык". Але каментарый на вечарыне Дробыша, мяркуе літаратарка, сведчыць пра тое, што віншаванне зробленае ў межах выбарчай кампаніі, "каб трымаць твар перад сваім народам".

"Я кепска ўяўляю, што калі іх нейкі пісьменнік пакрытыкаваў Абаму ці Меркель, то яны б ладзілі такую крыўду, наогул пра гэта казалі б. Гэта меркаванне чалавека. Я спадзяюся, што мы жывем не пры феадалізме. І я спадзяюся, што Лукашэнка не думае, як французскі манарх: "Дзяржава — гэта я". Калі крытыкуеш яго, значыць, крытыкуеш народ. Гэта зусім не так... Калі гэта абраза беларускага або рускага народа, то я не ведаю, дзе і ў якім часе мы жывем".

Нобелеўскі лаурэат Святлана Алексіевіч у шматлікіх інтэрв'ю сапраўды крытыкуе дзейнасць кіраўніка Беларусі. Магчыма такія словы маглі абурыць Лукашэнку:

"У Беларусі Лукашэнка спыніў час. Яго ўменне прадаваць сваю біяграфію то Еўропе, то Расіі і атрымліваць за гэта газ і нафту... Гэтыя грошы сыходзяць на тое, што мы іх проста праядаем, а не ўкладваем у будучыню, у тэхналогіі... Лукашэнка цалкам у руках Пуціна. І ніякі Захад не возьме Лукашэнку на ўтрыманне так, як яго ўзяў на ўтрыманне Пуцін, плацячы яму за тое, што ён з ім”.

Лукашэнка дарыць кнігі Алексіевіч ад свайго імя і абураецца ад яе словаў

****

У панядзелак 26 кастрычніка амбасадар Швецыі ў Беларусі спадар Марцін Оберг яшчэ не атрымаў падарунак ад Аляксандра Лукашэнкі, але запэўніў Еўрарадыё, што яму пацвердзілі, што кнігі будуць, праўда, не вядома ў якім фармаце: ці то дашлюць па пошце ці то нехта з МЗС прывязе ўласнаручна.

Дарэчы, пасля таго, як беларусы даведаліся, што "Нобель — наш", яны кінуліся ў кніжныя крамы і літаральна размялі кнігі Святланы Алексеевіч. І паколькі цяпер набыць кнігі пісьменніцы ў Мінску няпроста, тым больш, усе пяць, Еўрарадыё вырашыла дапамагчы МЗС з пошукамі.

Калі ў сталічных "Белкнізе" і "Светачы" нас расчаравалі: кніг няма, магчыма, будуць у лістападзе, то ў "Акадэмкнізе" нас абрадавалі:

"Ёсць "Цынкавыя хлопчыкі, "У вайны не жаночы твар", "Апошнія сведкі" і "Час Сэканд-хэнд" у дзвюх версіях. "Чарнобыльскай малітвы" няма. Кошт кожнай — 344 тысячы. Кнігі выдавецтва "Масква", 2013 год".

У інтэрнет-краме Oz.by сёння кніг Алексіевіч у продажы няма. Аднак у лістападзе чакаецца паступленне "У вайны не жаночы твар" за 234 тысячы 400 рублёў.

Фота: freesmi.by, pro-books.ru, kyky.org

Лукашэнка дарыць кнігі Алексіевіч ад свайго імя і абураецца ад яе словаў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі