Лукашэнка: Беларусі дапаможа "няшчасная труба" з Балтыкі

Лукашэнка: Беларусі дапаможа "няшчасная труба" з Балтыкі

У аўторак на нарадзе, прысвечанай альтэрнатыўным пастаўкам нафты ў Беларусь, Аляксандр Лукашэнка шмат гаварыў пра лагістыку. Ён адзначыў, што яна самая зручная на расійскім напрамку. І Беларусь будзе там працягваць купляць нафту.

"За апошнія месяцы штат што прапрацавалі па пастаўках нафты, цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — Я ўжо сказаў, што каля 40%, можа быць, 50% будзем па-ранейшаму купляць нафту ў Расіі (калі Расійская Федэрацыя захоча), калі канчаткова правядзем дыверсіфікацыю".

Па словах беларускага кіраўніка, 30% нафты будзе паступаць праз парты краін Балтыі і столькі ж — праз Адэсу. Але патрэбны "комплексныя і сістэмныя інфраструктурныя рашэнні", сумесныя праекты з замежнымі кампаніямі-уласнікамі сыравіны, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Час канчаткова прыняць факт, што ў энергетычных пытаннях трэба разлічваць толькі на сябе, — гаварыў Лукашэнка. — У крытычны момант нават бліжэйшы партнёр [Расія] будзе кіравацца толькі логікай уласных інтарэсаў".

Як вядома, з той жа Клайпеды нафту дастаўляюць у Беларусь па чыгунцы. Аляксандр Лукашэнка прапануе арганізаваць пастаўкі па трубаправодах. "Гэта ж не праблема пабудаваць", — кажа ён і нагадвае, што ў краінах Балтыі ёсць "трубы", якія толькі трэба "абнавіць".

Кіраўнік Беларусі згадаў, што сёлета падчас візіту ў нашу краіну дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа прапаноўваў не толькі дапамогу ў пастаўках нафты, але і ў пытанні з інфраструктурай.

"Яны выдзелілі 1 мільярд долараў для будаўніцтва аб'ектаў лагістыкі, гэта значыць для пастаўкі нафты, — працягвае Аляксандр Лукашэнка. — У тым ліку мы можам разлічваць, што атрымаем ад іх зусім танныя крэдыты на будаўніцтва той жа няшчаснай трубы з Балтыкі".

Лукашэнка абураны, што ўрад збіраецца пабудаваць "пару перамычак" аж за тры гады. "Паўтара-два гады, не больш! — заявіў на нарадзе кіраўнік дзяржавы. — І 100-120 мільёнаў долараў мы знойдзем на гэтыя перамычкі". Ён заклікаў прысутных "проста варушыцца".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі