Litvintroll ажывілі “Чорную Панну” (фота)

+ 30 на вуліцы. + 30 у клубе Re:Public: фолк-металісты Litvintroll прэзентуюць свой другі альбом “Czornaja Panna”.

“Litvintroll займае адно з вядучых месцаў у беларускім фолк-метале, — смела дае адзнаку “Тролям” лідар гурта Irdorath Уладзімір Калач. — Яны доўга-доўга маўчалі і апраўдалі сваё маўчанне. Гэта практычна тое, што хацелася б слухаць. Гэта можна назваць аналагам In extremo. Беларускаму гурту ўжо час выступаць на адной сцэне з гэтым гуртом. Гэта будзе арганічна і добра”.

Litvintroll выходзяць на сцэну пасля яскравага разагрэву ад расійскіх калег — гурта “Рарогъ”. І адразу забіраюць прыхільнікаў ў свет сваёй змрочнай казкі на чале з Чорнай Паннай.

“Гэта па-новаму. Гэта вялікая розніца ў параўнанні з першым альбомам, — разважае прыхільніца гурта Наста. — Гэта крок наперад. Не горш ні ў якім выпадку. Гэта проста інакш”.

Старыя песні гурта мяжуюцца з новымі, і казка пра Смерць ужо не падаецца не надта змрочнай. Ды і настрой музыкаў прымушае пусціцца ў сапраўдны “адрыў”. На сцэну выходзяць гітарысты, якія бралі ўдзел у запісах абедзвюх пласцінак гурта — Павел Аленчык і Аляксандр Савінок.

Гучаць песні пра троляў, якія напіліся і пайшлі біцца на Грунвальд, пра знішчэнне прыроды, пра спатканне з Чорнай Паннай. Гучыць кампазіцыя, прысвечаная памерламу бас-гітарысту гурта Алегу Клімчанку, які шмат зрабіў для запісу альбома. Публіка адгукаецца бясконцым “Lit-vin-troll, Lit-vin-troll”.

“У мяне няма словаў! Гэта нешта! — не хавае эмоцый лідарка металічнага гурта Exist M Наста Паламар. — Мяне перапаўняюць эмоцыі: вельмі яскрава, вельмі жыва. Даўненька такіх канцэртаў не было — з часоў, напэўна, клуба “Реактор”. Клас! Малайцы! Крутая каманда!”

Litvintroll уражваюць запалам: адчуваецца, што музыкі ажываюць пасля страты бас-гітарыста і стаяць на парозе новага этапу сваёй творчасці. Уражваюць фантастычна зробленым відэашэрагам да канцэрту. Уражваюць адданасцю прыхільнікаў, якіх у палку фолк-металу прыбывае.

“Ды ўсё проста: час ідзе, а людзі не змяняюцца, — тлумачыць рост цікавасці да цяжкой музыкі з дудамі фронвумэн Irdorath Надзея. — Што ўплывала на нашых продкаў, тое ўплывае і на нас. І яшчэ нашы продкі былі людзі не дурныя — яны гралі сапраўды добрую музыку! Іншыя ж “пёрліся” ад яе. Фішка ў тым, што музыка, якую граем мы, і якую гралі нашы продкі, яднае тое глыбіннае, тое нябачнае, якое можна адчуць толькі ўнутры сябе”.

На думку галоўнага пэган-металіста краіны Алеся Таболіча, цікавасць да фолк-метала звязаная з негалосным табу на беларускую культуру ў цэлым. Дарэчы, 29 чэрвеня Алесь ладзіць вялікі пэган-метал-фэст “Купальскае кола”. Сярод яго удзельнікаў — і сённяшнія трыўмфатары Litvintroll.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі