Лера Сом: Першым указам я б скасавала прэзідэнцкую пасаду

Партыя БНФ пачала разглядаць кандыдатаў на прэзідэнйкую пасаду. У спіс прэтэндэнтаў патрапілі дзевяць мужчын і адна жанчына — Лера Сом з Полацку.  У каментары Еўрарадыё Лера Сом паведаміла, што яна вылучалася не сама, а атрымала прапанову ад аднапартыйцаў.

Лера Сом: Прыемна, канечне, што аказваюць такі давер. Але зноўку ж... Быў у гэтым такі момант: мужыкі схаваліся за маёй спінай... Але ўсё адно было прыемна, што прапанавалі.

Бээнэфаўская прэтэндэнтка на пасаду прэзідэнта скептычна ацэньвае свае шанцы. Яна лічыць, што абранне жанчыны на найвышэйшую дзяржаўную пасаду ў Беларусі пакуль што маларэальнае. Аднак ужо ведае, якім быў бы яе першы прэзідэнцкі ўказ:

Лера Сом: Гэта дурное і складанае пытанне. На яго шмат хто адказваў, і адказвалі па-рознаму... Мне найбольш імпануе вось такі варыянт: скасаваць прэзідэнцкую пасаду, каб зрабіць нармальную парламенцкую рэспубліку.

Акрамя Леры Сом у спісе Партыі БНФ таксама фігуруюць Сяргей Антусевіч (Гродна), Ігар Лялькоў (Мінск), Аляксандр Мех (Кобрын), Іван Шэга (Слонім), Сяргей Мальчык (Гродна), Рыгор Кастусёў (Магілёў), Зміцер Салаўёў (Магілёў), Вінцук Вячорка (першы намеснік старшыні Партыі БНФ), Лявон Баршчэўскі (старшыня партыі). 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі