Леху Валенсе споўнілася 70 гадоў

Будучы прэзідэнт Польшчы нарадзіўся ў вялікай сям’і 29 верасня 1943 года ў мястэчку Попава ў гміне Ліпна. Ён скончыў школу механізацыі сельскай гаспадаркі і працаваў электрамеханікам. У 1967 годзе ўладкаваўся электрыкам на Гданьскую суднабудаўнічую верф.



Першы досвед палітычнай барацьбы Лех Валенса атрымаў у 1970 годзе — ён актыўна ўдзельнічаў у страйку рабочых верфі і быў арыштаваны. Пазней ён уваходзіў у афіцыйную Рабочую камісію, адказваў за бяспеку і гігіену. У 1976 годзе яго звольнілі за крытыку дзейнасці прафсаюзаў і адміністрацыі прадпрыемства.



14 жніўня 1980 года ён ачоліў страйк на Гданьскай верфі і стаў лідарам Міжнароднага страйкавага камітэту. Цягам двух тыдняў лідары акцыі вялі перамовы з уладамі. 31 жніўня яны завяршыліся падпісаннем пагадненняў, якія гарантавалі выкананне ўсіх патрабаванняў рабочых, у тым ліку права на арганізацыю незалежных самакіраваных прафсаюзаў. Набольш вядомым з іх стала “Салідарнасць”.



5 кастрычніка 1983 года Лех Валенса атрымаў Нобелеўскую прэмію міра за імкненне да мірнага вырашэння праблем і канфліктаў у барацьбе за правы і свабоды. Сваю ўзнагароду прафсаюзны лідар перадаў польскаму касцёлу ў фонд развіцця індывідуальнай сельскай гаспадаркі.



У 1988 годзе, калі Польшчу зноў скалыхнулі страйкі, Валенса выступіў за перамовы з уладамі. Быў арганізаваны знакаміты “круглы стол”, у межах якога было прынятае рашэнне аб правядзенні ў краіне выбараў у сейм і сенат. Па выніках галасавання ў парламент увайшлі ўсе кандыдаты ад “Салідарнасці”. У краіне быў сфармаваны першы некамуністычны ўрад. А ў 1990 годзе Лех Валенса быў абраны прэзідэнтам Польшчы. Гэтую пасаду ён займаў адзін пяцігадовы тэрмін.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі