Лазавік: Калі інфармацыі пра кандыдата мала — ёсць графа “супраць усіх"

Выбарчыя камісіі раскідалі па паштовых скрынях ўлёткі з інфармацыяй пра кандыдатаў у дэпутаты на іх акругах. Праўда, апроч прозвішча кандыдата, яго партыйнасці, месца працы, даходу за мінулы год і маёмасці, з яе нічога даведацца нельга — нават фота кандыдатаў няма. І на падставе гэтай інфармацыі людзям прапануюць выбраць сабе дэпутата?

Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік упэўнены — размешчанай інфармацыі дастаткова, каб зрабіць свой выбар. Ну, да прыкладу, яго жонцы, распавядае Лазавік, яе хапіла.

Мікалай Лазавік: “Прынеслі мне гэтую інфармацыю — там тры кандыдаты балатуюцца. Мая жонка паглядзела, прааналізавала, і з трох яна нават па гэтых дадзеных выбрала. Галоўным арганізатарам інфармацыйнай кампаніі хто павінен быць? Кандыдат. Дык вось, ты сам за сябе і агітуй: стварай свой выбарчы фонд, друкуй гэтыя ўлёткі і распаўсюджвай разам са сваёй групай падтрымкі”.

Ці задавальняе саміх кандыдатаў тое, што пра іх расказвае інфармацыйная ўлётка ад выбарчай камісіі, і што яны самі робяць для сваёй “папулярызацыі”? Для прыкладу, возьмем улётку пра кандыдатаў у дэпутаты Мінгарсавета па Аэрафлоцкай выбарчай акрузе № 18. Што з іх даведваемся? На акрузе тры кандыдаты-мужчыны, з іх два — гендырэктары з добрым даходам за мінулы год і адзін без даходаў, але з пакетамі акцый ажно чатырох розных таварыстваў і кааператываў. Усе пры машынах, а гендырэктары яшчэ і пра гаражах. Партыйнасць — і ўсё. Дастаткова для таго, каб зрабіць выбар?

“Канешне, не!” — абураецца кандыдат у дэпутаты на гэтай выбарчай акрузе Аляксандр Антонаў. Ён без даходаў, але з акцыямі, сябра ЛДПБ. Праўда, кандыдат патрабуе дадаць не вытрымкі са сваёй праграмы і не абяцанні выбаршчыкам, а… больш звестак са сваёй біяграфіі!

Аляксандр Антонаў: “Пра тое, што я быў афіцэрам Савецкай арміі — 10 гадоў адслужыў, звольніўся капітанам, што я майстар спорту СССР, зараз сябра зборнай каманды ветэранаў па водным пола, што 6 гадоў адпрацаваў на заводзе МЗКЦ — займаў адну з кіруючых пасад на даччыным прадпрыемстве”.

На просьбу Еўрарадыё адным сказам выказаць галоўную думку перадвыбарнай праграмы, кандыдат адказвае:

“Гэта тое, што мы (відаць, маецца на ўвазе ЛДПБ. — заўв. Еўрарадыё) не з уладай і не з апазіцыяй, а — з народам!” А на заўвагу, што выбаршчыкам абыякава, з кім ён, галоўнае — ці будзе ў мікрараёне пабудаваная паліклініка ды месцы для паркоўкі аўто, кажа: “У нас усё ў заняпадзе — усё трэба да ладу даводзіць!” Праграмы сваіх канкурэнтаў не ведае.

Выбарчы фонд Аляксандр Антонаў стварыў і сам паклаў туды мільён. На гэты мільён надрукаваў сабе ўлёткі, якія раздае падчас пікетаў, але па паштовых скрынях не раскідвае. Карацей, хочаце нешта дадатковае пра кандыдата Антонава — ідзіце на яго пікет.

Стварыў свой фонд і са сваёй кішэні яго напоўніў і сябра Камуністычнай партыі, гендырэктар таварыства “Белсантэхмантаж-2” Валерый Даніловіч. Улёткі развесілі ў “адведзеных для гэтага месцах” і раздаюць на пікетах. Па паштовых скрынях таксама не раскідваюць. Адмыслова для Еўрарадыё кандыдат у дэпутаты фармулюе адным сказам змест сваё праграмы:

Валерый Даніловіч: “Клопат пра нашых людзей!”

На ўдакладненне тлумачыць, што маецца на ўвазе рамонт дамоў, добраўпарадкаванне двароў і дзіцячых пляцовак, паркоўкі…

Адным вокам праглядзеў праграму аднаго свайго канкурэнта — беспартыйнага гендырэктара прадпрыемства “Белаэранавігацыя” Леаніда Чуро. А вось з чым ідзе да выбаршчыкаў другі канкурэнт Аляксандр Антонаў, нават не цікавіўся.

Што з сябе ўяўляе праграма Леаніда Чуро і як ён яе даносіць да выбаршчыкаў, высветліць не атрымалася — паводле слоў сакратаркі, ён цягам дня то быў вельмі заняты, то з’язджаў па справах.

Як зрабіць свой выбар тым, хто ля пікета кандыдата не праходзіў, на сустрэчы з выбаршчыкамі не патрапіў, выступ па радыё прапусціў? Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік прапануе  беспамылковы метад:

“Калі па тых звестках, якія ёсць у гэтым інфармацыйным матэрыяле, выбар не зрабіў на чыюсьці карысць, то ў бюлетэні будзе яшчэ чацвёрты радок: “супраць усіх”.

Можа, так і трэба прагаласаваць з улікам таго, што, згодна з інфармацыяй ЦВК, з 4916 кандыдатаў у раённыя саветы фонды стварылі 72 чалавекі, з 694 кандыдатаў у абласныя саветы 152 маюць выбарчыя фонды, з 189 кандыдатаў у дэпутаты Мінскага гарсавета сфармавалі свае выбарчыя фонды 97 чалавек. Інакш выбіраць давядзецца, зыходзячы з колькасці машын, кватэр і ўзроўню даходу.

Фота: Змітра Лукашука, bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі