Kyky.org пакуль не плануюць выдаляць матэрыялы, за якія іх пакаралі

Міністэрства інфармацыі Беларусі абмежавала доступ да сайта kyky.org. Паводле заяваў чыноўнікаў, у матэрыялах рэсурсу ёсць "зняважлівыя выказванні" наконт дзяржаўнага свята — Дня Перамогі і грамадзян краіны, якія ўдзельнічалі ў яго святкаванні.

“Асноўная прычына — публікацыя 9 траўня, — каментуе дырэктар kyky.org Дар’я Мацявіна. — Мы зрабілі рэпост са старонкі Facebook Аляксандра Кныровіча. Натуральна, з дазволу аўтара. І праз гэты матэрыял нашыя нешматлікія чытачы з прарасійскімі настроямі напісалі скаргу. Яе тэкст таксама вядомы, ён выкладзены ў блогу Вячаслава Дыянава, які і падбухторваў карыстальнікаў пісаць на нас скаргу”.

У матэрыяле “Подзвіг аднаго — заўсёды злачынства іншага” агучваецца альтэрнатыўны погляд на перамогу ў Другой сусветнай вайне і недарэчнасць правядзення парадаў. У скарзе спадара Дыянава kyky.org абвінавачваецца ў  “распальванні варожасці ў беларускім грамадстве”.

У пастанове Міністэрства інфармацыі згадаваліся абразы сацыяльных груп і рэлігійных канфесій, а таксама грэблівая і ненарматыўная лексіка. Але ніякіх тлумачэнняў ці папярэджанняў ад чыноўнікаў супрацоўнікі сайта не атрымлівалі. Крыху прыадкрыў таямніцу адказ на рэдакцыйны запыт у Мінінфарм.

“Цяпер мы ўжо маем карціну. Гэта 4 матэрыялы, тры з якіх з калонкі Кныровіча, а адзін — “Парад перамогі над сабойПаўла Свярдлова, — распавядае пра далейшыя дзеянні Дар’я Мацявіна. — Я думаю, што яны нам не будуць нічога прапаноўваць для выпраўлення сітуацыі, тут ужо ўсё залежыць выключна ад нашага рашэння. Але мы ўжо складаем ліст з юрыстамі, які дашлем на ўсе е-мэйлы, якія толькі знойдзем у Міністэрстве інфармацыі. А таксама пойдзем туды асабіста. Будзем размаўляць і, натуральна, спрабаваць адстойваць свае правы”.

Пакуль здымаць матэрыялы, за якія атрыманае пакаранне, kyky.org не плануе.

Нагадаем, раніцай 18 чэрвеня сайт kyky.org быў недасяжны, што выклікала падазрэнні на выкананне пастановы Мінінфарма. Як высветлілася пазней, гэта былі праблемы ўласна рэдакцыйнага сервера, якія цяпер ужо вырашаныя. Тым часам некаторыя правайдары ўжо пачалі блакаваць сайт.

“Я так разумею, што даступнасць праз некаторых правайдараў — пытанне часу, — дадае дырэктар kyky.org. — Таму мы паспрабуем аднавіць доступ да сайта на нейкім іншым адрасе”.

Пытанні і адказы: Як у Беларусі будуць абмяжоўваць доступ да сайтаў

Рашэнне Мінінфармацыі апублікаванае, таму доступ да сайта хутчэй за ўсё абмяжуюць. Па законе пасля прыняцця рашэння Мінінфарм цягам 3 дзён накіроўвае копію рашэння для ўключэння сайта ў спіс. Цягам сутак правайдэры павінны абмежаваць доступ да сайта.

Рашэнне Мінінфарма было апублікаванае 17 чэрвеня. Таму да панядзелка kyky.org можа стаць недаступным для карыстальнікаў у Беларусі.

Уладальнік сайта можа звярнуцца ў Мінінфарм з просьбай аднавіць доступ. Месяц Мінінфарм правярае, ці ліквідаваў сайт парушэнні. Калі так, то доступ могуць аднавіць. Правайдар пасля атрымання адпаведнага ліста ад Мінінфарма павінен аднавіць доступ да сайта цягам сутак.

Чаму не працуюць інфармацыйныя сайты і як гэта абысці?

Раней Міністэрства інфармацыі Беларусі абмежавала доступ да 18 сайтаў. 15 з іх распаўсюджвалі інфармацыю пра наркотыкі, на адным прапагандавалася дзіцячая парнаграфія, два сайты ўтрымлівалі табуяваную лексіку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі