Kriwi “Traukamurauka”

Новы альбом Kriwi фэны чакалі 10 гадоў. За гэты час фолк-мадэрн змяніў свае некалі вядучыя пазіцыі на “заслужаны” статус, вырасла новае пакаленне музыкаў і знікла “Рок-каранацыя”. Пласцінка “Traukamurauka” з аднаго боку, вяртае слухачоў у зорныя часы Kriwi — пра гэта нагадвае саўнд дыска. Ён акуратна спалучае электронны пачатак гурта, гісторыя якога пачынаецца з альбома “Hei Loli” і лірыку “залатой” пласцінкі “За туманам”.

З іншага боку, Kriwi смела крочаць у нагу з часам, і нават ствараюць новыя тэрміны кшталту newFolk, clubEthno, JazzFusion. Музыкі абсалютна арганічна адчуваюць сябе ў фанкавых рытмах, джазавых імправізацыях і “бабуліным” шматгалоссі. Іх кампазіцыі дыхаюць, што істотна, у гульні ў эксперыменты і ў вялікай камандзе. Відавочна, што Kriwi убіраюць у сябе сучасныя тэндэнцыі world-music, і не дзіва, што на пласцінцы часам чуюцца інтанацыі чэшкай этна-дзівы Івы Бітавай ці гукі бельгійскага этна-джаз-гурта Zap Mama.

Альбом “Traukamurauka” складаецца з 10 песень. Частка з іх — добра вядомыя па ранейшых альбомах Kriwi “Агу, вясна”, “Царкоўка”, “За туманам”. Праўда, на новай пласцінцы яны атрымліваюць новыя назвы: “Царкоўка” становіцца “Grusnaj”, “Агу, вясна” — “Весначухай” (тут песні ствараюць “веснавы” дуэт), візітоўка Kriwi “За туманам” пераўтвараецца ў “Kolechko”, сімвалізуючы такім чынам бясконцасць варыянтаў неўміручай песні. Магчыма, падобным крокам музыкі надаюць новае жыццё вядомым трэкам.

Іншая частка песень — вядомыя па канцэртах “Грушка”, “Гушкі”, “Зязюля”. Kriwi дэманструюць свежую версію народна-песняроўскай “А ці была вуціца” (“River”) з удзелам Аляксандра Памідорава і ставяць кропку каляднай “А над ракой”. У выніку мы маем прыемны і энергічны мікс старога і новага, пададзенага ў лепшых традыцыях Kriwi. Натуральна, што хацелася б пачуць ад Kriwi цалкам новы матэрыял (тым больш, што яго ў гурта хапае). Аднак, відаць, справа ўсё ж у адлегласцях, якія раздзяляюць удзельнікаў каманды.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі